Новости

Рарытэты для "Сівой легенды"

 

У 18.10 у фае тэатра пачнецца выступленне фолк-гурта HardWood, які даўно палюбіўся беларускай публіцы. Музыка, напоўненая неверагоднай энергетыкай, перанясе гледачоў у часы непрыступных замкаў, княжых баляў і паляванняў, шляхціцаў і нобіляў. Дарэчы, на вечарыне можна будзе таксама і патанчыць! Навучыцца сярэднявечным танцам можна будзе пад кіраўніцтвам артыстаў тэатра гістарычнага танца Soleil.

У 18.30 у фае тэатра каля Камернай залы гледачоў чакае выстава аднаго дня «Мастацтва раскошы. Ювелірныя вырабы з калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і прэзентацыя кнігі Б.А.Лазукі «У засені замкаў і палацаў. Матэрыяльная культура сацыяльнай эліты Беларусі ХІІ – пачатку ХХ стагоддзя» (Мінск: Беларусь, 2018 г.).

Гледачы атрымаюць магчымасць сустрэцца з Барысам Лазукам – аўтарам кнігі, адзначанай дыпломам на конкурсе «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Залатыя скрыжалі» ў 2019 г. Гэта выданне з’яўляецца лагічным працягам работ аўтара, прысвечаных беларускаму мастацтву. Кніга – першае ў айчынным мастацтвазнаўстве даследаванне вельмі значнай часткі нацыянальнай культуры, акрэсленай сферай побыту арыстакратыі, іншых прадстаўнікоў сацыяльнай эліты ад часоў старажытнабеларусках княстваў да пачатку ХХ стагоддзя. Доўгі час гэта надзвычай багатая і разнастайная спадчына калі не была адсунута на другі план, то разглядалася як пэўная альтэрнатыва, ледзьве не негатыўная ў проціпастаўленні да народнай, традыцыйнай культуры.

У калекцыях Музея старажытнабеларускай культуры захоўваецца вялікая колькасць прадметаў, якія калісці складалі мастацкае атачэнне побыту арыстакратыі, былі выкананы па заказах яе прадстаўнікоў, з’яўляліся ўкладнымі ахвярамі храмам. Выстава «Мастацтва раскошы. Ювелірныя вырабы з калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» дае магчымасць убачыць унікальныя ўзоры ювелірнага мастацтва беларускіх майстроў і іх бліжэйшых суседзяў. Высакародны густ, тонкае пачуццё элегантнасці, бездакорнае валоданне складанейшымі тэхнікамі ліцця, чаканкі, гравіроўкі, прасечкі, эмаліравання, залачэння дэманструюць абклады, паціры, падсвечнікі, так званыя «падарожныя абразкі», рэчы сервіроўкі стала, створаныя ў XVIII – пачатку ХХ ст.

І, канечне, галоўнай падзеяй вечара стане опера “Сівая легенда” кампазітара Дзмітрыя Смольскага паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча (які з’яўляецца і аўтарам лібрэта оперы).

Штуршком для драматычнага развіцця падзей у спектаклі становіцца любоўная гісторыя, ў якой сплятаюцца жаночая рэўнасць і помслівасць, мужчынскае самалюбства, інтрыгі і няпростае сацыяльна-палітычнае становішча, пастаяннае супрацьстаянне на ніве рэлігіі і сацыяльнага статусу. Здавалася б, глыбока асабістая гісторыя кахання і рэўнасці набывае такую разбуральную сілу, што ўцягвае ў свой вір мноства людзей, разбураючы іх жыццё, абуджаючы нечуваныя, страшныя сілы…

У гэты вечар галоўныя ролі ў спектаклі выканаюць: Ніна Шарубіна (Ірына), Сяргей Франкоўскі (Раман), Уладзімір Пятроў (Кізгайла), Крыскенція Стасенка (Любка), Алег Мельнікаў (Найміт). Дырыжор – Вячаслаў Чарнуха-Воліч.

 

 

Рарытэты

Рарытэты

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ