“Мне заўсёды здавалася, што трэба сваю музыку выконваць, а не чужую. Чаму? Чужую ўжо хтосьці выканаў, і нават лепш. А сваю ніхто не выконваў, таму не атрымаецца зрабіць гэта ні лепш, ні горш. Будзе менавіта так, як трэба...”
Імя Вячаслава Кузняцова, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, уладальніка медаля Францыска Скарыны, добра вядома ў асяроддзі прафесійных музыкантаў і аматараў сучаснай беларускай музыкі. Творы аўтара ўваходзяць у рэпертуар вядучых музычных калектываў нашай рэспублікі.
“Быць кампазітарам... гэта настолькі цікава! Адкрываць нешта, чаго яшчэ не было. Чысты ліст, бязмежныя магчымасці...” − не раз прызнаваўся Вячаслаў Кузняцоў.
Творчасць кампазітара адрозніваецца шырокай разнастайнасцю жанраў. Гэта оперы, балеты, сімфоніі, вакальна-інструментальныя творы малых і буйных форм.
На сцэне Вялікага тэатра Беларусі ў 2005 годзе адбылася прэм'ера яго оперы “Запіскі вар'ята”. Яго балет “Вітаўт” з'явіўся ў рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі ў 2013-м. Пазней, у 2018-м, ён зноў звярнуўся да эпохі Вялікага Княства Літоўскага – ужо ў балеце “Анастасія”. Менавіта гэты спектакль будзе паказаны 4 ліпеня − да юбілею Вячаслава Уладзіміравіча. 15 чэрвеня яму спаўняецца 70 гадоў.4 ліпеня на сцэне Вялікага тэатра Беларусі пад дзівосную музыку Вячаслава Кузняцова ажыве легенда пра Жанну д'Арк Белай Русі − Анастасію Слуцкую. Паставіў балет народны артыст Беларусі Юрый Траян.
“Ствараючы нацыянальны праект, мы прыцягваем увагу да нашай гісторыі, да таго, што адбывалася да нас. А гэта вельмі важна ... − прызнаваўся ў інтэрв'ю Юрый Антонавіч. − Гісторыя Анастасіі Слуцкай − складаная і заблытаная, а для тэатральнай сцэны гэта як раз і цікава. Але, безумоўна, неабходна разумець: балет − гэта не гістарычнае даследаванне. Мы стварылі харэаграфічную легенду і пастараліся ўкрапіць туды, як мага больш арганічна, факты, якія адбываліся ў лёсе галоўных герояў. Так, Анастасія кіравала абаронай Слуцка. Гэта гістарычны факт. Але мне было цікава паказаць перадгісторыю. Праз што давялося прайсці гэтай далікатнай жанчыне, што яна змагла сабраць войска і павесці яго за сабой. Вось што мяне цікавіла...”
У гэты вечар 4 ліпеня галоўныя партыі ў балеце В. Кузняцова “Анастасія” выканаюць народныя артысты Беларусі Ірына Яромкіна (Анастасія), Антон Краўчанка (Сямён), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Юрый Кавалёў (Міхаіл Глінскі), уладальнік медаля Францыска Скарыны Аляксандра Чыжык (Заіра), Уладзімір Руда (Хан Ахмат), Дзяніс Шпак (Іван). За дырыжорскім пультам − заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка.