Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка з задавальненнем падзяліўся сваімі ўражаннямі ад прэм'еры оперы “Арлеанская дзева”. Менавіта гэтая пастаноўка адкрые новы, 93-ці сезон Вялікага тэатра Беларусі 4 верасня. Наступны паказ − 5 верасня.
“Віншуем тэатр з высокакласнай прэм'ерай! Было радасна ўбачыць зноў на нашай сцэне поўнага жыццёвай энергіі і яркіх творчых ідэй Георгія Георгіевіча Ісаакяна, які шмат гадоў таму пакарыў нас сваім вытанчаным мінімалізмам і сучасным гучаннем оперы “Багема”.
І вось упершыню на нашай сцэне вельмі складаная харавая опера “Арлеанская дзева”. “Далікатны” аркестр пад кіраўніцтвам вялікага майстра сваёй справы Арцёма Макарава, адухоўленае, выразнае, старанна выбудаванае Нінай Ламановіч гучанне нашага выдатнага харавога калектыву разам з вынаходніцкай сцэнаграфіяй шмат у чым вызначыла музычна-эстэтычную атмасферу спектакля.
Яркае ўражанне пакінула першая мужчынская зборная тэатра − Андрэй Валенцій, Станіслаў Трыфанаў, Уладзімір Громаў і новае набыццё тэатра Кірыл Панфілаў. Як заўсёды, упрыгожваннем сцэны была Настасся Масквіна. Увасабляць віртуозную задуму Георгія Георгіевіча выпала Дар'і Гаражанка.
Глядзельная зала бурнымі апладысментамі паставіла найвышэйшы бал Дар’і — перадусім за яе акцёрскую працу, якая захапляе сваёй натуральнасцю. Машына часу, у якую нас зацягнуў рэжысёр, здавалася, аддаляе ад задумы рускага генія — але адбылося зусім наадварот...
Дзякуй тэатру за свята!”