Музыка нашага стагоддзя. Леон Гурвіч

 

«Vivat-Quartet»: гэта жыццесцвярджальная назва сустракаецца ў афішах Вялікага тэатра Беларусі ўжо на працягу 10 гадоў. Віртуознае выкананне музыкантамі струннага квартэта «Vivat-Quartet» твораў самых розных напрамкаў, невычэрпная энергія і выключнае выканальніцкае майстэрства − вось што знаходзіць водгук у сэрцах аўдыторыі. Артысты калектыву − салісты аркестра Вялікага тэатра Беларусі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў і, без перабольшання, гонар беларускай выканальніцкай школы: Аніта Малюгіна (скрыпка), Ірына Маслава (скрыпка), Юрый Башура (альт), Аляксандр Іваноў (віяланчэль).

За 10 гадоў існавання калектыў набыў рэпутацыю аднаго з лепшых струнных ансамбляў Беларусі. Праграмы, якія прапануе «Vivat-Quartet» (мастацкім кіраўніком калектыву з'яўляецца скрыпачка Ірына Маслава) - прыклад паспяхова знойдзенага балансу паміж строгім акадэмізмам і даступнасцю: сярод твораў, выкананых музыкантамі і такія «вынаходніцтвы», як узоры беларускага рэнесансу і барока, музыка І.С. Баха, Дж.Пергалезі, В.А. Моцарта, квартэты П. Чайкоўскага, С. Рахманінава і С. Пракоф'ева і сапраўдныя шлягеры класічнай музыкі. Аднак нават пры такой разнастайнасці артысты знаходзяць магчымасць кожны канцэрт ператварыць у эксклюзіўнае музычнае перажыванне.
Менавіта такім абяцае стаць канцэрт 5 кастрычніка 2025 года − манаграфічная праграма, якая прадставіць творчасць яркага сучаснага кампазітара Леона Гурвіча.

Леон Гурвіч − гэта імя не раз гучала ў камерных праграмах Вялікага тэатра Беларусі, у праграмах квартэта. Піяніст, дырыжор, кампазітар, дацэнт Гамбургскай кансерваторыі імя Іаганеса Брамса, аўтар больш за трыста розных твораў і аранжыровак, канцэрты якога збіраюць поўныя залы ў Германіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Францыі, Бельгіі, Італіі, ЗША. Кампазітар нарадзіўся і вучыўся ў Мінску. Таму нядзіўна, што Леона звязваюць з беларускімі музыкантамі цёплыя сяброўскія адносіны і плённае творчае супрацоўніцтва. Дзякуючы гэтай сатворчасці і нарадзілася новая праграма − цалкам з музыкі Леона Гурвіча, які атрымаў акадэмічную адукацыю і зрабіў паўнавартасную кар'еру на джазавай эстрадзе. Кампазітар з аднолькавым поспехам і майстэрствам працуе ў розных музычна-стылявых кірунках, і гэта – залог таго, што вялікая манаграфічная праграма будзе цікавай, напоўненай яркімі эмоцыямі і падорыць новыя музычныя адкрыцці.

5 кастрычніка ў Камернай зале імя Л. П. Александроўскай выступяць: лаўрэат міжнародных конкурсаў Струнны квартэт Вялікага тэатра Беларусі «Vivat-Quartet», дыпламант міжнародных конкурсаў Кацярына Міхнавец (мецца-сапрана), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ларыса Ласоцкая (флейта), лаўрэат міжнароднага конкурсу Павел Бурцаў (труба) і нязменны ўдзельнік праектаў квартэта заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Шчарбакова (фартэпіяна). Рэжысёр канцэрта − Марыя Ісаева.