Сэрцам спявала пра Беларусь…

 

Млодэк Рыта (Рэвека) Веніямінаўна (27.02.1906 – 3.12.1969) – адно са знакавых імёнаў беларускай оперы. Яркая спявачка (лірыка-драматычнае сапрана) і таленавітая актрыса, якая стаяла ля вытокаў Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, перажыла разам з трупай часы ваенных страт, шчыра і аддана служыла тэатру больш чым чвэрць стагоддзя.

У 1924 годзе скончыла Віцебскі музычны тэхнікум (пераўтвораны з Народнай кансерваторыі, адкрытай у 1918 годзе), Беларускую студыю оперы і балета (1933). Вучылася вакалу ў В. Абрамовіч, А. Баначыча, пазней удасканальвала майстэрства ў В. Барсавай, М. Уладзіміравай. У 1931 годзе — артыстка Белрадыёкамітэта. З 1933 года стала салісткай Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета і ўнесла значны ўклад у яго станаўленне і развіццё, прымала непасрэдны ўдзел у фарміраванні творчага калектыву. У 1938 годзе Рыце Млодэк было прысвоена званне заслужанай артысткі Беларусі.

 

У 1940 годзе падчас памятнай Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве тэатр прадставіў оперу А. Туранкова «Кветка шчасця» з Рытай Млодэк у ролі Надзейкі. Па вяртанні ў Мінск спявачцы прысвоілі званне народнай артысткі і запрасілі ў Вялікі тэатр Расіі.

Прапановы перайсці ў Вялікі тэатр у Маскве ці Кіраўскі (цяпер Марыінскі) тэатр у Ленінградзе, не кажучы ўжо пра меншыя тэатры, будуць паступаць беларускай опернай зорцы і ў далейшым. Але Рыта Млодэк не прыме ніводнай, адмаўляючыся адразу і катэгарычна.

Салістка шчыра палюбіла музыку беларускіх кампазітараў, з задавальненнем выконвала іх творы — і аўтары адказвалі ёй узаемнасцю, у знак асаблівай удзячнасці падносячы ў падарунок ноты сваіх новых твораў.

Рыта Млодэк стала першай выканаўцай камерных твораў А. Багатырова, Дз. Лукаса, І. Любана, С. Палонскага, Р. Пукста, Н. Сакалоўскага, М. Чуркіна.

 

За два дні да вайны Рыта Веніямінаўна паехала ў Маскву, куды была запрошана членам журы конкурсу вакальнага выканання. Вярнуцца дадому ўжо не змагла. Усесаюзны Камітэт па справах мастацтваў размяркоўвае Рыту Млодэк на працу ў оперны тэатр Свярдлоўска. Адтуль − у Молатаў (цяпер Перм), дзе таксама асталявалася трупа Ленінградскага тэатра імя Кірава, да якой часова далучылася беларуская спявачка.

У сваёй аўтабіяграфіі, якая захоўваецца ў архіве нашага тэатра, артыстка паказвала, што ў 1942 годзе яна была выклікана ў Маскву, дзе пачалі збор трупы беларускай оперы. Пасля − праца ў Горкім і Каўрове, але паралельна – дзейнасць у складзе франтавой канцэртнай брыгады. У 1943 годзе Рыта Млодек выступае на Калінінскім фронце. За некалькі гадоў у складзе франтавой канцэртнай брыгады аб'едзе ўсю перадавую. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны будзе ўзнагароджана медалём «За доблесную працу», а ў 1946 годзе – «За перамогу над Германіяй».

 

Гады вайны сталі гадамі пакутлівага расстання. Рыта надзвычайна пакутавала ад расстання з дочкамі Таісіяй і Валянцінай, якія засталіся ў Мінску. Таісія трапіла да падпольшчыкаў, а вось Валянціну немцы вывезлі з Беларусі ў канцлагер. Пасля вызвалення рэспублікі Рыта знайшла сваіх дзяўчынак і вярнулася ў родны тэатр.

У 1953 годзе ў Мінск быў запрошаны знакаміты Іван Казлоўскі – для выканання кароннай партыі Ленскага ў оперы «Яўген Анегін». Партыю Таццяны выконвала Рыта Млодэк. У гісторыі пасляваеннага тэатра гэтыя некалькі спектакляў засталіся сапраўднай падзеяй.

Да 1959 года Рыта Млодэк заставалася салісткай беларускай оперы. Валодаючы выдатнымі прыроднымі вакальнымі дадзенымі, яна таксама заўсёды адрознівалася музыкальнасцю, тонкім густам, разуменнем тонкасцяў стылю.

Вобразы, створаныя Рытай Млодэк, увайшлі ў гісторыю музычнага тэатра Беларусі як узоры высокага выканальніцкага майстэрства: у нацыянальных операх – Марыся («Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага), Аўгіння, Астахава («У пушчах Палесся», «Надзея Дурава» А. Багатырова), Надзейка («Кветка шчасця» А. Туранкова); у класічных операх – Маргарыта («Фауст» Ш. Гуно), Мікаэла («Кармэн» Ж. Бізэ), Чыа-Чыа-сан («Мадам Батэрфляй» Дж. Пучыні). Асаблівае месца ў творчасці займалі вобразы ў операх П. Чайкоўскага: Таццяна («Яўген Анегін»), Ліза («Пікавая дама»), Марыя («Мазепа»), Аксана («Чаравічкі»). Сярод іншых партый: Мажэнка («Праданая нявеста» Б. Сметаны), Яраслаўна («Князь Ігар» А. Барадзіна), Домна, Марфа («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Тамара («Дэман» А. Рубінштэйна), Маша («Дуброўскі» Э. Напраўніка), Земфіра («Алека» С. Рахманінава), Наталля («Ціхі Дон» І. Дзяржынскага), Трыльбі (аднайменная опера А. Юрасоўскага). Удзельнічала ў радыёзапісах опер «Вера Шалога» і «Снягурачка» М. Рымскага-Корсакава, «Капітанская дачка» Ц. Кюі, «Алека» С. Рахманінава, «Сельскі гонар» П. Масканьі, фрагментаў «Аіды» Дж. Вердзі, актыўна выступала як камерная спявачка, заўсёды звярталася да беларускай песні, у тым ліку народнай.

 

 

 

У гонар юбілею легенды беларускай оперы Рыты Млодэк ў рамках творчага праекта «Год жанчыны ў Вялікім» у фае бельэтажу Вялікага тэатра Беларусі экспанавалася выстаўка фатаграфій «Сэрцам спявала пра Беларусь...», прысвечаная творчасці выбітнай беларускай артысткі.