Ніна Ламановіч: двайны юбілей

 

Ніна Ламановіч прыйшла ў Вялікі тэатр Беларусі, калі ёй было 25 гадоў. «Геніяльныя партытуры і музыка, цудоўныя галасы, неверагоднае дзейства мяне да гэтага часу прыводзяць у невымоўнае захапленне!» – кажа галоўны хормайстар тэатра.

 

***
- Усе мы родам з дзяцінства... Мая сіла волі, мэтанакіраванасць, стойкасць – ад бацькоў і любімай бабулі Паўлы Якаўлеўны Цітовай. Мы з ёй былі вельмі блізкія, менавіта яна для мяне была нібы святло ў акенцы. Бабуля ведала вельмі шмат - была начытаным і высокаадукаваным чалавекам, з ёй заўсёды было надзвычай цікава. Бабуля жыла ў Пензе, я з бацькамі ў Мазыры, ездзілі адзін да аднаго не так часта, як хацелася б. Але кожны тыдзень я чакала ад яе пасылку. Бабуля не проста дасылала мне казкі, а сапраўдныя кнігі пра жыццё мастакоў і музыкаў. Да гэтага часу памятаю, як аднойчы разгарнула бандэрольку, а ў ёй – біяграфія вялікай рускай актрысы Соф'і Гіяцынтавай. Гэтую кнігу я, 12-гадовая дзяўчынка, прачытала ад вокладкі да вокладкі – так яна мяне зацікавіла. Думаю, гэтая любоў да мастацтва, музыкі, жывапісу ў мяне менавіта ад бабулі.


***
- У 6 гадоў я брала ўрокі ігры на фартэпіяна, а ў школе ўдзельнічала ў самадзейнасці – спявала ў вакальным ансамблі. Генадзь Міхайлавіч Птушанёнак, кіраўнік нашага калектыву, прапанаваў паспрабаваць свае сілы ў Гомельскім музычным вучылішчы (цяпер – Дзяржаўны каледж мастацтваў). Так я трапіла на факультэт харавога дырыжыравання – у клас цудоўнага чалавека і бліскучага музыканта Пятра Фёдаравіча Кірэйцава. Менавіта ён першым пазнаёміў мяне з операй – на апошнім курсе вучылішча пачаў даваць рыхтаваць мне оперныя сцэны. Самае дзіўнае, што ў оперным тэатры я да тых гадоў ніколі не была! Бачыла, вядома, нешта па тэлевізары, але не больш. Напэўна, дзякуючы ўяўленню і багатай фантазіі я, усяго толькі гледзячы ў партытуры і слухаючы музыку, сама ўяўляла ўсё дзейства: хто ў што апрануты, як рухаецца і выглядае. На апошнім курсе мяне можна было ўбачыць толькі з партытурамі ў руках – опера мяне так уразіла, што я ні пра што іншае і думаць не магла!.. І ўявіце, як склаўся лёс, што пасля вучылішча я паступіла ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (цяпер − Акадэмія музыкі) і стала адзінай вучаніцай народнага артыста Аляксея Пятровіча Кагадзеева, галоўнага хормайстра Вялікага тэатра Беларусі! Лёс мой быў вырашаны − з 1-га курса я знікала ў тэатры… Лічу, што той час можна назваць залатым векам тэатра. Толькі ўявіце, з кім мне пашчасціла працаваць! Яраслаў Вашчак, Таццяна Каламійцава, Генадзь Праватораў, Аляксандр Анісімаў, Юрый Аляксандраў, Аркадзь Саўчанка, Святлана Данілюк, Наталля Руднева, Людміла Златава, Віктар Чарнабаеў, Ніна Казлова, Віктар Скорабагатаў, Міхаіл Галкоўскі, Тамара Шымко!.. На ўсіх рэпетыцыях і спектаклях я ўбірала, нібы губка, усё самае лепшае…

 

 

***

- Я вельмі ганаруся тым, што з'яўляюся вучаніцай Аляксея Кагадзеева! Калі я была на 3-м курсе кансерваторыі, ён прыцягнуў мяне да працы над операй «Лаэнгрын» Рыхарда Вагнера, а ўжо выпускалася я з уласным спектаклем «Дон Паскуале» Гаэтана Даніцэці. Гэта гаворыць аб тым, што Аляксей Пятровіч не баяўся рызыкаваць, даваў працаваць самастойна. Як педагог ён ніколі не прымушаў студэнтаў вучыцца, прытрымліваўся прынцыпу: захоча чалавек – будзе і хадзіць, і займацца. Цікава, што калі я ступіла на сцежку выкладання, у мяне з'явілася дакладна такая ж сістэма. Калі чалавек хоча чамусьці навучыцца, ён абавязкова навучыцца.
Менавіта Кагадзееў вучыў таму, што трэба слухаць і бачыць самых розных музыкантаў. Таму што ў аднаго абавязкова знойдзецца тое зерне, якога няма ў іншага. Таму нездарма кажуць: музыкант вучыцца ўсё жыццё. І гэта сапраўды так.

 

***

- Ці можна ўявіць Оперны тэатр без хору? Вядома, не! Хор і аркестр − вось два магутныя кіты, на якіх ён стаіць.
Я служу тэатру. Спецыфіка маёй прафесіі не дазваляе вярнуцца ўвечары дадому, выкінуць усё з галавы і пачаць займацца хатнімі справамі, не думаючы пра тое, што цябе чакае ў тэатры заўтра. Не! Пасля спектакля: аналізую, што атрымалася, а што, магчыма, пайшло не так, прадумваю план працы на заўтра, адзначаю, пра што не забыцца сказаць на рэпетыцыі. І ад гэтага ўцячы нельга – такая прафесія.
Я люблю ўсе спектаклі, якія ствараем мы з хорам. Як можна без трапятання ставіцца да сваёй працы?.. Ды і наогул, што-небудзь рабіць без кахання − немагчыма. Ёсць асаблівыя для мяне пастаноўкі: «Турандот» Джакама Пучыні, «Аіда» і «Набука» Джузепе Вердзі, «Князь Ігар» Аляксандра Барадзіна, «Лятучы галандзец» Рыхарда Вагнера. Гэта велізарныя харавыя палотны.

 

 

***
- Нікому з артыстаў хору няма замены! Кожны − на вагу золата! Працаваць з людзьмі, знайсці падыход да кожнага артыста − гэта, бадай, самае цяжкае. Але для мяне благі мір заўсёды будзе лепш добрай сваркі. Тое, як чалавек ставіцца да сваёй працы, кажа пра многае. Я цаню сумленных і адказных людзей. Не выношу хлусні. Я адказваю за кадравы склад і часам вельмі лёгка памыліцца ў чалавеку. Але нездарма кажуць: сцэна − гэта павелічальнае шкло, дзе відаць усё, асабліва – хто сумленны ў прафесіі, аддаецца ёй цалкам, а хто не. Так, людзі мастацтва вельмі эмацыйныя. Але я ўпэўнена: у тэатры павінна быць бездакорная дысцыпліна: дзесьці не той грым, не тая мізансцэна, не той стан − і спектакль зніжае планку. А высокі ўзровень Вялікага тэатра неабходна падтрымліваць. І паказчык таго, што ўсё атрымалася, – апладысменты гледачоў. Словы можна прамаўляць любыя, але калі апладзіруе ўся зала – адчуванні неверагодныя!

 

***
- Калі артысты робяць усё дакладна – так, як было задумана, так, як было вывучана на рэпетыцыях, калі яны на сцэне – сапраўдныя, значныя, годныя! − высокапрафесійна спяваюць, я проста ганаруся імі!..
Так, прэм'ера прайшла цудоўна − выдатна! Але гэта толькі этап, а наперадзе нас чакае наступны. Бо музыка − гэта космас, у якім наўрад ці можна дасягнуць ідэалу. Тут пастаянна ёсць да чаго імкнуцца, напэўна, таму гэтая прафесія мне да гэтага часу надзвычайна цікавая.


26 верасня магутнае палатно Джакама Пучыні – опера «Турандот» будзе гучаць у Вялікім тэатры ў гонар юбілею Ніны Ламановіч.
За дырыжорскім пультам − народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў.
Тытульную партыю выканае ўладальнік медаля Францыска Скарыны Таццяна Пятрова.

 

Падрыхтавала А. Балабановіч

Дата публікацыі 06.07.2026

 

ЗАМОВІЦЬ БІЛЕТ