Навiны

Віншуем з прэм'ерай!

 

Шэдэўр маладога кампазітара, якому было ўсяго 28 гадоў, калі ён стварыў гэта манументальнае палатно, ізноў загучаў у сценах тэатра, сабраўшы аншлаг.


«Набука» – адна з самых значных опер ранняга Вердзі, напісаная на біблейны сюжэт. Яна пераносіць гледача ў Іерусалім 587 года да нашай эры і распавядае пра вавілонскага цара-заваёўніка, які праз грахі, пакуты і страту ўлады прыходзіць да сапраўднай веры. У цэнтры твора – не толькі палітычныя інтрыгі і трагічнае каханне, але і глыбокая чалавечая драма пра разбурэнне ідалаў гонару і вонкавага поспеху, пра перамогу духу над уладай, пра надзею палоннага народа на вызваленне. Менавіта велічныя харавыя эпізоды, якія ўвасабляюць свабоду, ператварылі Вердзі ў нацыянальнага героя Італіі, а знакаміты хор «Va, pensiero» стаў неафіцыйным гімнам краіны.

 

Гісторыя пастановак «Набука» на беларускай сцэне налічвае ўжо некалькі дзесяцігоддзяў: упершыню опера прагучала ў 1999 годзе, потым – у 2010-м, у апошні раз – у 2016-м. У 2021 годзе канцэртна-сцэнічная версія адкрыла вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў. І вось цяпер, па шматлікіх просьбах гледачоў, шэдэўр Вердзі ізноў упрыгожвае афішу тэатра.

 

Над пастаноўкай працавала міжнародная каманда: дырыжор-пастаноўшчык – мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў, рэжысёр-пастаноўшчык і мастак-пастаноўшчык – Джанкарла дэль Монака (Італія) і яго каманда асістэнтаў – рэжысёр Георгій Шылаў (Расія) і мастак Франчэска Банаці (Італія), хормайстар-пастаноўшчык – народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, мастак па святлу – Людміла Кунаш.

 

«...Дзеля простай чалавечай гісторыі ўсе мы і прыходзім у тэатр, каб убачыць людзей са сваімі цяжкасцямі і праблемамі. Ідалы, якія разбураюцца ў нас у спектаклі, перш за ўсё, ідалы гонару і вонкавага поспеху...», – лічыць Георгій Шылаў, асістэнт рэжысёра-пастаноўшчыка.

 

Перад генеральнай рэпетыцыяй у Габеленавай зале тэатра адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная прэм'еры. На пытанні беларускіх СМІ адказалі генеральны дырэктар тэатра Кацярына Дулава, дырыжор-пастаноўшчык народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў, асістэнты рэжысёра-пастаноўшчыка Джанкарла дэль Монака – рэжысёр Георгій Шылаў (Расія) і мастак Франчэска Банаці (Італія), салісты тэатра заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Валенцій і лаўрэат міжнародных конкурсаў Кірыл Панфілаў, а таксама саліст Маскоўскага музычнага тэатра «Гелікон-опера» лаўрэат міжнародных конкурсаў Дзмітрый Янкоўскі.

 

Генеральны дырэктар тэатра Кацярына Дулава адзначыла, что опера «Набука» з'явілася ў рэпертуары менавіта па просьбах гледачоў: «Твор называла публіка неаднаразова, таму што яго любяць. Сёння у нас у наяўнасці ёсць абсалютна ўсе галасы для таго, каб пастаноўка была выканана».

 

Па словах Кацярыны Мікалаеўны, стылістыка спектакля, якая нагадвае ажыўленыя старажытныя гравюры, стала новай з'явай для беларускай сцэны, а дынаміка пастаноўкі заключана ў вобласці сэнсаў, эмоцый і зместу.

 

Дырыжор-пастаноўшчык, мастацкі кіраўнік тэатра Арцём Макараў абазначыў маштаб музычнай задачы. Па словах маэстра, адной з самых яркіх і вядомых старонак партытуры па праву лічыцца хор палонных іудзеяў – той самы «Va, pensiero», які гледачы з нетерпеннем чакаюць у чацвёртай дзеі. Арцём Макараў адзначыў, што хор Вялікага тэатра Беларусі выконвае гэты нумар на вышэйшым узроўні. Гаворачы пра музычнае прачытанне, дырыжор патлумачыў, што прынцыповых змен у класічную партытуру не ўносілася, але каманда тэатра імкнулася ўвасобіць музыку Вердзі праз прызму ўласнага мастацкага бачання. Для прэм'еры падрыхтавана тры моцныя саставы выканаўцаў, што асабліва важна з улікам выключнай вакальнай складанасці твору: практычна кожная партыя ў оперы «Набука» патрабуе ад артыста віртуознага майстэрства і максімальнай самааддачы. Маэстра прызнаўся, што ганарыцца калектывам: усяго паўгода назад тэатр прадставіў не менш маштабную оперу П. Чайкоўскага «Арлеанская дзева», а цяпер асвоіў вердзіеўскі шэдэўр каласальнай складанасці. Арцём Макараў падкрэсліў: далёка не кожны оперны тэатр сёння здольны рэалізаваць падобны праект, і таму асабліва рад, што імя «Набука» ізноў гучыць у афішы Вялікага тэатра Беларусі.

 

Асістэнт рэжысёра-пастаноўшчыка оперы Георгій Шылаў распавёў пра асноўныя аспекты падрыхтоўкі спектакля. Ён адзначыў, што каманда сфакусіравалася на дакладным следаванні музыцы і тэксту Джузепе Вердзі, а таксама на глыбокай распрацоўцы псіхалогіі персанажаў і тэме разбурэння ідалаў. Па меркаванні Георгія Шылава, у цэнтры ўвагі – простая чалавечая гісторыя і цуды. Слуп, які рушыцца ў гэтай пастаноўцы, – гэта ідал гонару, што надзвычай актуальна ў наш час. Рэжысёр упэўнены: у пагоні за поспехам мы часта не разумеем тых, хто побач і дарагі нам, таму трагедыя вавілонскага цара, якая стала адной з цэнтральных ліній новага спектакля, так актуальна і сёння.

 

Асістэнт мастака-пастаноўшчыка Франчэска Банаці падзяліўся, што ў працэсе працы над спектаклем імкнуўся дасягнуць гармоніі паміж музычным радам і візуальным рашэннем сцэны. Перад камандай стаяла амбіцыйная задача – стварыць два кантрастных мастацкіх света: першы, пранізаны рэлігійнай тэмай, павінен быў перадаваць адчуванне замкнутасці і ціску, тады як другі задумваўся больш свабодным, адкрытым і маштабным. Такі падыход дазволіў візуальна падкрэсліць унутраны канфлікт оперы і ўзмацніць эмацыйнае ўздзеянне пастаноўкі на гледача.

 

Для выканаўцаў «Набука» стаў сур'ёзным творчым выклікам – партыі ў оперы адносяцца да ліку найскладанейшых у сусветным рэпертуары.

 

Дзмітрый Янкоўскі, саліст Маскоўскага музычнага тэатра «Гелікон-опера», адзначыў, што партыя Набука – адна з найскладанейшых у рэпертуары барытона. Па словах спевака, галоўная задача артыста – перадаць глыбокую ўнутраную трансфармацыю героя: шлях магутнага дэспата, які, страціўшы ўсё, прыходзіць да веры і набывае апору ў духоўных сілах.

 

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Валенцій падкрэсліў, што ранні Вердзі напісаў партыю Захарыі выключна высока, што робіць яе надзвычай складанай для баса і нават небяспечнай – кажуць, пасля такой працы можна нават страціць голас. Аднак спевак спраўляецца з задачай бліскуча. «Так, Захарыя – духоўны лідар, але ў пастаноўцы Джанкарла дэль Монака ён надзелены і рысамі воіна. Жывыя хуткія тэмпы ў музыцы дапамагаюць у раскрыцці менавіта гэтага вобраза – чалавека, здольнага павесці за сабой», – распавёў артыст.

 

Кірыл Панфілаў, які выканаў партыю Набука ў прэм'ерны вечар, адзначыў, што работа над такім манументальным творам патрабуе поўнай самааддачы і глыбокага пагружэння ў матэрыял.

 

21 сакавіка галоўныя партыі выканалі: лаўрэат міжнародных конкурсаў Кірыл Панфілаў (Набука), уладальнік медалі Францыска Скарыны Дзмітрый Шабеця (Ізмаіл), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Валенцій (Захарыя), лаўрэат міжнародных конкурсаў Марта Данусевіч (Абігайль), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава (Фенена), лаўрэат міжнароднага конкурсу Уладзіслаў Зазулька (Вярхоўны жрэц Ваала), лаўрэаты міжнародных конкурсаў Анастасія Храпіцкая (Ганна) і Аляксандр Гелах (Абдалла).

 

Зал быў перапоўнены – ні аднаго свабоднага месца! Тысячы гледачоў затрымаўшы дыханне назіралі за развіццём драмы на сцэне. Пасля фінальных акордаў зал выбухнуў шквалам апладысментаў. Публіка доўга не хацела адпускаць артыстаў, дырыжора, рэжысёрскую каманду.

 

Пасля прэм'еры генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава павіншавала ўвесь калектыў: «Я хочу выказаць глыбокую удзячнасць абсалютна ўсім, хто працаваў над гэтым творам і рыхтаваў яго да сцэны. Дзякуй кожнаму, хто працаваў у зале і за кулісамі, усім, хто мае дачыненне да сённяшняга вечара. Дзякую вам за тое, што ў нас атрымаўся гэты цуд».

 

Асістэнт рэжысёра-пастаноўшчыка Георгій Шылаў дадаў: «Перш за ўсё хочацца сказаць каласальнае дзякуй. Дзякуй тэатру, гэтай сцэне і кожнаму з вас асабіста. Вялікая ўдзячнасць усяму кіраўніцтву тэатра і ўсім-усім, хто дапамагаў ствараць гэты спектакль. Сённяшні вечар яшчэ раз даказвае простую праўду: тэатр – гэта людзі. Музыка пішацца людзьмі для людзей, спектаклі ствараюцца людзьмі і для людзей... Калі адбываецца цуд сапраўднага энергаабмену – паміж артыстамі і публікай, паміж рэжысёрам і дырыжорам, паміж усімі намі – нараджаецца новая гісторыя. Нараджаецца новы сусвет, які сёння называецца «Набука». Мы з Франчэска Банаці хочам павіншаваць усіх. Мы вас вельмі любім...»

 

Георгій Шылаў паднёс тэатру незвычайны падарунак – сцэнічны альбом (стэйджбук) прэм'ернага спектакля «Набука», у якім сабраны эскізы касцюмаў для кожнага героя, і прапанаваў пачаць новую традыцыю: «Я хацеў бы прапанаваць кожнаму з артыстаў пакінуць аўтограф на старонках гэтага альбома. Няхай гэта стане добрай традыцыяй: калі хтосьці дэбютуе ў партыі, ён пакідае тут свой подпіс і пажаданні наступным выканаўцам. Гэта будзе цудоўна».

 

Другі паказ прэм'ернага спектакля прайшоў пад кіраўніцтвам маладога маэстра Віталя Грышчанкі. Брава аркестру, хору пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч і выканаўцам галоўных партый: лаўрэатам міжнародных конкурсаў Дзмітрыю Янкоўскаму (Набука), Тарасу Прысяжнюку (Ізмаіл), Андрэю Сялюціну (Захарыя), Марыі Галкінай (Абігайль), Дар'і Гаражанка (Фенена), Дзмітрыю Капілаву (Вярхоўны жрэц Ваала), Клаўдзіі Пацёмкінай (Ганна), Віктару Мендзелеву (Абдалла).

 

У наступны раз маштабнае палатно Джузепе Вердзі будзе гучаць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі 30 красавіка і 2 мая.

 

Віншуем тэатр з тым, што яго афішу ізноў упрыгожвае гэты шэдэўр Вердзі! Дзякуй кожнаму, хто працаваў над стварэннем спектакля! Жадаем пастаноўцы доўгага і паспяховага сцэнічнага жыцця!