Навiны

«Баядэрка». Прэм'ера

 

 

6 і 7 чэрвеня гледачоў Вялікага тэатра Беларусі чакае прэм'ера балета Л.Мінкуса «Баядэрка» ў рэдакцыі галоўнага балетмайстра тэатра, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Ігара Колба. Пастаноўка абяцае стаць падзеяй сезона.

«Гэты шэдэўр – сапраўдная візітная картка любога вялікага тэатра, і наш абавязак – захаваць яго ў жывой тканіне нашага рэпертуару, – упэўнены Ігар Колб. – У беларускі балет прыйшло новае пакаленне таленавітых артыстаў, і гэта пастаноўка дорыць нам шанс: працягнуць тыя балетныя традыцыі, на якіх заўсёды засноўваўся тэатр».

Прэм'ера «Баядэркі» адбылася ў Санкт-Пецярбургу ў 1877 годзе: Марыус Пеціпа паставіў гэты спектакль для бенефіса Кацярыны Вазем. Вядома, што, пераходзячы са стагоддзя 19-га ў стагоддзе 20-е, балет страціў фінальны акт – разбурэнне храма. Адной з асаблівасцей новай пастаноўкі Ігара Колба як раз стане рэканструкцыя гэтай драматычнай сцэны: «Хацелася, каб аддалена, але ўсё ж такі спектакль нагадваў тую прэм'еру 1877 года, але не сумняваюся, што пры гэтым ён будзе актуальна гучаць у нашы дні… Я не мяняю сюжэт, мне здаецца, не маю на гэта права, стаўлюся да гэтага спектакля з хваляваннем і прыдыханнем. Ключавыя моманты застаюцца недатыкальнымі. Як сцэна «Цені». Лічу, гэта музей, да якога без белых пальчатак дакранацца нельга. Але мы паспрабуем аднавіць драматургічную цэласнасць усяго дзеяння. Напрыклад, з'явіцца сцэна, калі Гамзаці, пасля смерці Нікіі, прыходзіць да Салора і заяўляе, што іх вяселлю заўтра быць. А Салор нават не дапускае, што змяю ў кошык з кветкамі яго каханай баядэрцы паклала менавіта Гамзаці. Так, як і ў прэм'еры 1877 года, балет скончыцца разбурэннем храма, удзельнікі гэтай драмы будуць пакараны…»

Ігар падкрэслівае важнасць пантамімы ў спектаклі:

«Яна арганічна ўплецена ў саму тканіну балета. Нават уносіўшы змены ў танцавальныя фрагменты, мы захоўваем мову нямой ігры. У «Баядэрцы» пантаміма іграе ролю своеасаблівага фундамента, без якога немагчыма ўся гэта гісторыя».

Над візуальным рашэннем спектакля працуе мастак-пастаноўшчык лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў Любоў Сідзельнікава. Па яе прызнанні, яна натхнялася ў тым ліку… кінематографам Балівуда, візуальныя рашэнні якога дапамагаюць «напісаць» цікавую гісторыю.

Непростая праца стаяла і перад музычным кіраўніком, дырыжорам-пастаноўшчыкам спектакля – народным артыстам Рэспублікі Башкартастан Арцёмам Макаравым.

«Спектакль ствараецца сіламі тэатра, без запрошаных спецыялістаў, – падкрэслівае Ігар Паўлавіч. – Лічу, што ў тэатры ёсць усё для таго, каб мы самі маглі ажыццявіць усе задумы».

Дададзім, што ўпершыню на беларускай сцэне балет Л.Мінкуса «Баядэрка» быў пастаўлены ў 1959 годзе (пастаноўка Ю.Дружыніна). У ім ззялі народныя артысткі Беларусі Лідзія Ражанава і Ніна Давыдзенка. Другую пастаноўку ажыццявілі ў 2005-м, апошні паказ гэтага спектакля (пастаноўка П.Сталінскага) быў паказаны 29 кастрычніка 2025 года.

Прэм'ерныя паказы балета Л.Мінкуса «Баядэрка» ў рэдакцыі Ігара Колба пройдуць 6 і 7 чэрвеня. Спектакль адкрые творчы праект тэатра «Балетнае лета ў Вялікім». Білеты ў продажы.