Навiны

Гастрольнае лета

 

 

У ліпені калектыў Чалябінскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя М. І. Глінкі ізноў выступіць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. У рамках праекта «Гастрольнае лета ў Вялікім» расійскі тэатр прадставіць у Мінску два балеты – «Раймонда» і «Мата Хары».

 

8 і 9 ліпеня – балет Аляксандра Глазунова «Раймонда»

 

Гэты балет уваходзіць у скарбніцу музычнага мастацтва і лічыцца адным з самых відовішчных і складаных спектакляў. Насычаная харэаграфія і найярчэйшыя танцавальныя нумары дазваляюць артыстам дэманстраваць усе грані свайго таленту.

Для выканаўцы загалоўнай партыі гэты спектакль – сапраўднае выпрабаванне. Салістцы неабходна выканаць цэлых сем варыяцый! Харэограф-пастаноўшчык, народны артыст Расіі Юрый Кляўцоў ускладніў задачу і выканаўцам партый Жана дэ Брыена і Абдэрахмана, дадаўшы новыя тэхнічныя элементы. Візуальнае афармленне балета распрацаваў мастак з Санкт-Пецярбурга Алег Малчанаў. Мастакі ўручную распісалі бісерам, паеткамі, стужкамі і камянямі нацыянальныя касцюмы, якіх у спектаклі каля двухсот.

Прэм’ера спектакля адбылася 27 мая 2023 г.

Працягласць – 2 гадзіны 10 хвілін з адным антрактам.
Харэограф-пастаноўшчык – народны артыст Расіі Юрый Кляўцоў; дырыжор-пастаноўшчык – Вячаслаў Губанаў; мастак-пастаноўшчык, мастак па касцюмах – Алег Малчанаў; мастак па святлу – заслужаны работнік культуры Расіі Ірына Вторнікава.

 

 

10 і 11 ліпеня – балет «Мата Хары»

 

Псеўданім Мата Хары, што ў перакладзе з малайскай мовы азначае «Вока сонца», абрала сабе падданая Нідэрландаў Маргарэта Гертруда Зэле. На востраве Ява, куды жанчына пераехала з Амстэрдама разам з мужам Рудольфам Маклеадам, яна вывучала мясцовыя традыцыі і танцы. Шлюб аказаўся нешчаслівым, таму Мата Хары пакінула мужа і ўцякла ў Парыж – горад сваёй мары…

З гэтага перыяду жыцця Маты Хары пачнецца спектакль чалябінскага тэатра. У балеце адлюстраваны ўсе перыпетыі лёсу знакамітай жанчыны. Жыццё на востраве Ява, пераезд у Парыж, вярбоўка ў шпіёны, вайна, работа падвойным агентам разведкі і, вядома, каханне.

Сцэна тэатра ператвараецца ў шыкоўны рэстаран, які трансфармуецца па ходу спектакля. Цэнтральнае месца займае статуя Шывы – бога, які асацыіруецца як са стваральнай, так і з разбуральнай сілай. У пераломны момант спектакля гэта фігура набывае іншае аблічча. Дапаможным сродкам становяцца вітражы і шкло для трансляцыі відэапраекцыі.
Музычную партытуру склалі творы Жуля Маснэ, Астара Пьяцолы, Каміля Сен-Санса, Рыхарда Штрауса і іншых кампазітараў.

Сусветная прэм’ера спектакля адбылася 7 чэрвеня 2024 г.

Працягласць – 2 гадзіны з адным антрактам.

Аўтар лібрэта, харэограф-пастаноўшчык – лаўрэат VIII Міжнароднага тэатральнага форуму «Залаты Віцязь», IV Усерасійскага фестывалю «Волжскія тэатральныя сезоны», сярэбраны прызёр I Федэральнага фестывалю «Тэатральны Алімп» Надзея Калініна; дырыжор-пастаноўшчык – Яўген Валінскі; мастак-пастаноўшчык, мастак па касцюмах – лаўрэат Міжнароднага славянскага музычнага форуму «Залаты віцязь», фестывалю «Тэатральны Алімп», вышэйшай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга «Залаты сафіт» Сяргей Новікаў; мастак па святлу – Валянцін Бакаян; мастак па відэа – Ілья Смілга.

Праект «Гастрольнае лета» пройдзе ў Вялікім тэатры Беларусі ўжо ў 4-ы раз. Калектыў з Паўднёвага Урала як раз і быў першым тэатрам, які адкрываў «…Лета» ў 2023-м, тады ён прадставіў балет «Карсар» і оперу «Баль-маскарад».