Навiны

Святлана Захарава ў Вялікім тэатры


 

 

СВЯТЛАНА ЗАХАРАВА − народная артыстка Расіі, прыма-балерына Вялікага тэатра Расіі, першая і адзіная расійская этуаль тэатра «Ла Скала» (Мілан). Унікальная выканаўца класічных і сучасных балетаў дэманструе сваё майстэрства ў Расіі і па ўсім свеце. Прыхільнікі яе выключнага таленту з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з выбітнай балерынай.
Упершыню на сцэне Вялікага тэатра Беларусі Святлана Захарава паўстала ў красавіку 2009 года: Вялікі тэатр Расіі прывозіў у Мінск балет П.Чайкоўскага «Лебядзінае возера» ў пастаноўцы Ю. Грыгаровіча. У галоўных партыях блісталі Святлана Захарава, Мікалай Цыскарыдзэ, Андрэй Увараў. Паказ быў прымеркаваны да адкрыцця Года культуры Расійскай Федэрацыі ў Беларусі. У 2017-м Святлана выступала на беларускай сцэне з творчым падарункам у гонар юбілею народнага артыста СССР і Беларусі Валянціна Елізар'ева. Тады павіншаваць імянінніка сабраліся легенды, зоркі сусветнай сцэны, сярод якіх былі Мікалай Цыскарыдзэ, Іван Васільеў і яшчэ мноства сяброў, калег і вучняў майстра. Восенню 2023 года Вялікі тэатр Расіі прадставіў у Мінску балет Ю.Грыгаровіча «Іван Грозны» на музыку С. Пракоф'ева – тысячная зала апладзіравала ў тым ліку і Святлане Захаравай.
23 мая ў праграме MODANSE на сцэне Вялікага тэатра Беларусі будуць прадстаўлены два аднаактовыя балеты − «Як дыханне» і «GABRIELLE CHANEL». Апошні прысвечаны легендарнай французскай заканадаўцы мод, якая ўвайшла ў гісторыю пад імем Како Шанэль, і створаны сумесна з домам CHANEL (дызайн касцюмаў) эксклюзіўна для пастаноўкі MuzArts.
Адкрые вечар балет італьянскага харэографа Маура Біганцэці − «Як дыханне». Гэта адаптацыя яго ўласнага балета, прэм'ера якога адбылася ў тэатры «Ла Скала» у 2017 годзе, у якім галоўныя партыі тады выканалі Святлана Захарава і Раберта Боле. Новая трактоўка аднаактовай версіі балета пастаўлена спецыяльна для Святланы Захаравай. У музычную аснову спектакля леглі творы Георга Фрыдрыха Гендэля, пры гэтым эпоха барока прысутнічае не толькі ў музыцы, але і ў харэаграфіі танца, якую падкрэсліваюць стыльныя і дзёрзкія касцюмы.

Балет «GABRIELLE CHANEL» – даніна павагі легендзе моды Габрыэль Како Шанэль (1883–1971). Спектакль – вынік сумеснай працы кампазітара Ільі Дзямуцкага, харэографа Юрыя Посахава і рэжысёра Аляксея Франдэці. Балет распавядае пра шлях, які прайшла Габрыэль Шанэль, навекі перавярнуўшы свет моды ХХ стагоддзя, – ад невядомай правінцыйнай спявачкі да кіраўніцы аднаго з самых уплывовых модных дамоў свету. Творчы шлях Шанэль перасякаўся са светам балета дзякуючы Сяргею Дзягілеву: для яго пастановак «Le Train Bleu» (1924) і «Апалон Мусагет» (1929) яна стварыла касцюмы. Спецыяльна для балета крэатыўная студыя CHANEL пад кіраўніцтвам Вірджыніі Віяр, крэатыўнага дырэктара Дома моды CHANEL, распрацавала больш за 85 касцюмаў. У спектаклі выкарыстаны архіўныя фотаздымкі і відэаматэрыялы, прадастаўленыя домам CHANEL.

У праграме прымаюць удзел зоркі балета Вялікага тэатра Расіі: Міхаіл Лабухін, Арцемій Белякоў, Дзяніс Савін, Вячаслаў Лапацін, Ана Туразашвілі і іншыя.


ПАРТНЁРЫ ПРАЕКТА
«РОСАТАМ»
«Адам БІО»
Фонд развіцця і падтрымкі сацыяльна-культурных праектаў