Спецыяльна для тых, хто не здолеў патрапіць на канцэрт у маі! У суботу, 27 чэрвеня, фае бельэтажа Вялікага тэатра Беларусі зноў ператворыцца ў чароўную прастору, дзе загучыць музыка неверагоднай прыгажосці.
Вялікі тэатр Беларусі зноў запрашае гледачоў у фае бельэтажа на вытанчаны камерны канцэрт «Цені адлюстраванняў».
Гэта цудоўная магчымасць спыніцца – і дазволіць музыцы адвесці сябе за мяжу рэальнага, дзе можна пагрузіцца ў свет гармоніі і спакою.
Гледачоў чакае своеасаблівае падарожжа – ад медытатыўных твораў Эрыка Саці і Клода Дэбюсі, рамантычных і светлых сачыненняў Дэвіда Ланца – да джазавых стандартаў Джорджа Гершвіна і Эрала Луіса Гарнера праз кінематаграфічныя сусветы Генры Манчыні і Патрыка Дойла.
Празрыстыя гукі фартэпіяна (Ірына Буцель), глыбокі аксамітны голас Кацярыны Міхнавец (мецца-сапрана), чароўнасць марымбы і ўдарных (Аляксандр Цірыбінін) створаць непаўторную атмасферу. Праграму вечара рыхтуе рэжысёр Наталля Кузьмянкова.
Пачатак канцэрта ў 23:00. Кошт білета — 55 руб.