Навiны

Рэквіем Вердзі

 

 


Кажуць, што Рэквіем – гэта 27-я опера Вердзі. І гэта сапраўды адін з самых геніяльных яго твораў. «Дух павергнуты, але не зламаны...» – такая ідэя гэтай магутнай жалобнай імшы. 15 лістапада Рэквіем Дж. Вердзі ўпершыню прагучыць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі ў выкананні Дзяржаўнай акадэмічнай сімфанічнай капэлы Расіі. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Расіі Валерый Палянскі.

 

Дзяржаўная акадэмічная сімфанічная капэла Расіі – калектыў, які аб'ядноўвае ў сваім складзе звыш 200 артыстаў: хор, аркестр і салістаў-вакалістаў. Яна была ўтворана ў 1991 годзе пры зліцці Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Міністэрства культуры СССР, узначаленага Генадзем Раждзественскім, і Дзяржаўнага камернага хору СССР пад кіраўніцтвам Валерыя Палянскага.

 

Аркестр узнік у 1957 годзе, да 1982 года быў творчай адзінкай у падпарадкаванні Усесаюзнага радыё і тэлебачання, з 1982 года называўся Дзяржаўным сімфанічным аркестрам Міністэрства культуры СССР. У розны час ім кіравалі Самуіл Самасуд, Юрый Арановіч і Максім Шастаковіч, за пультам выступалі Яўген Святланаў, Натан Рахлін, Неэме Ярві, Уладзімір Федасееў і іншыя выдатныя дырыжоры.

 

Камерны хор быў арганізаваны Валерыем Палянскім у 1971 годзе. У 1975 годзе калектыў атрымаў перамогу на Міжнародным конкурсе імя Гвіда д'Арэцца у Італіі, заваяваўшы Залаты медаль у намінацыі «акадэмічныя спевы» і «Залаты звон» – сімвал лепшага хору конкурсу. З 1980 года калектыў атрымаў новы статус і стаў называцца Дзяржаўным камерным хорам Міністэрства культуры СССР. Ён аб'ездзіў усе рэспублікі СССР, стаў ініцыятарам фестывалю ў Полацку, у 1986 годзе па запрашэнні Святаслава Рыхтэра прадставіў на фестывалі «Снежаньскія вечары» праграму з твораў Чайкоўскага, удзельнічаў у міжнародных фестывалях «Спяваючы Вроцлаў» (Польшча), у Мерана і Спалета (Італія), Ізміры (Турцыя), Нардэнэ (Нідэрланды); BBCProms у лонданскім Альберт-холе (Вялікабрытанія), а таксама ў гістарычных саборах Францыі – у Бардо, Ам'ене і Альбі.

 

Днём нараджэння Дзяржкапэлы лічыцца 27 снежня 1991 года: у Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі ў выкананні калектыву пад кіраваннем Генадзя Раждзественскага прагучала кантата Дворжака «Вясельныя кашулі». У 1992 годзе мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам ДАСК Расіі стаў Валерый Палянскі.

 

 

Пад кіраўніцтвам Валерыя Палянскага капэла штогод удзельнічала ў праграмах абанемента Генадзя Раждзественскага, у 2016 годзе выступала на сімфанічным форуме Расіі ў Екацярынбургу, у 2019 годзе – на фестывалі да 80-годдзя з дня нараджэння Альфрэда Шнітке, гастралявала за мяжой: у Італіі, Германіі, Нідэрландах, Харватыі, Славеніі, краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.

Шырокі рэпертуар Валерыя Палянскага ўключае сімфанічныя і кантатна-аратарыяльныя творы ад Баха да опусаў нашых сучаснікаў; маэстра неаднаразова прадстаўляў з капэлай унікальныя канцэртныя цыклы і праграмы, оперы ў канцэртным выкананні і сцэнічных версіях (у рэпертуары дырыжора – больш за 70 опер, а таксама шэраг аперэт).

Капэла пад кіраўніцтвам Валерыя Палянскага ажыццявіла мноства расійскіх і сусветных прэм'ер, сярод якіх першае выкананне ў СССР кантаты «Гісторыя доктара Фауста» А. Шнітке (1983), расійскія прэм'еры опер «Джэзуальда» А. Шнітке (2000), «Апошнія дні Пушкіна» А. Нікалаева (Масква, 2007; Тула, 2010), «Легенда пра град Елец, Панну Марыю і Тамерлана» (2011) А. Чайкоўскага і яго ж араторыі «Государава справа» (Ліпецк, 2013).

У дыскаграфіі маэстра – больш за 100 запісаў, выпушчаных вядучымі фірмамі гуказапісу ў Расіі і за мяжой.

 

15 лістапада ў выкананні Рэквіема Дж. Вердзі прымуць удзел вядучыя салісты Дзяржаўнай акадэмічнай сімфанічнай капэлы Расіі: заслужаная артыстка Расіі Людміла Кузняцова (мецца-сапрана) і лаўрэаты міжнародных конкурсаў Юлія Томіна (сапрана), Максім Сажын (тэнар) і Руслан Разыеў (бас).


Падрыхтавала А. Балабановіч 07.09.2026г.

 

 ЗАКАЗАТЬ БИЛЕТ