Онлайн-выставки

Творы Яўгена Цікоцкага на сцэне Вялікага тэатра Беларусі

 

26 снежня 2023 года беларуская культурная супольнасць адзначыць 130-годдзе з дня нараджэння аднаго з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы, беларускага класіка ХХ стагоддзя Яўгена Цікоцкага.
З гэтай нагоды Вялікі тэатр Беларусі прапануе далучыцца да выбраных старонак гісторыі нашага опернага мастацтва

  

 Яўген Цікоцкі
(14 (26) снежня 1893 года - 24 лістапада 1970 года)

У гісторыю беларускай музычнай культуры трывала ўпісана імя Яўгена Карлавіча Цікоцкага, без творчасці якога нельга ўявіць сабе шляхі развіцця кампазітарскага мастацтва рэспублікі.
Ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і контр-адмірала. У доме Цікоцкіх часта збіраліся аматары-музыканты на музычныя вечары, дзе гучалі творы рускіх кампазітараў. У шасцігадовым узросце Яўген спрабаваў падбіраць на слых на раялі знаёмыя мелодыі. У падлеткавым узросце браў урокі ігры на фартэпіяна ў М. Скарняковай. Разам з бацькам наведваў оперныя спектаклі і сімфанічныя канцэрты пад кіраўніцтвам А. Зілоці, С. Кусявіцкага і А. Нікіша. Музычная адоранасць Яўгена праявілася рана, але ў сям'і прыярытэты былі расстаўлены такім чынам, што пасля заканчэння Царскасельскага рэальнага вучылішча (да якога вучыўся ў Кранштацкім гімназічным пансіёне (1902–1904), Пецярбургскай нямецкай гімназіі (1904–1907)) ён паступіў у Санкт-Пецярбургскі навукова-даследчы псіханеўралагічны інстытут імя У.М. Бехцерава. Музыкай будучы кампазітар змог займацца толькі ў прыватнай музычнай школе З. Волкавай-Бонч-Бруевіч.

Гады вучобы перапыніла Першая сусветная вайна. Яўгена Цікоцкага прызвалі ў войска і ў лютым 1915 года адправілі на фронт. Служыў у Фінляндскім пяхотным палку. У 1919 г. яго накіравалі на Заходні фронт (прымаў удзел у вызваленні Беларусі ад белапалякаў). У вольны час арганізоўваў у войску мастацкую самадзейнасць – выступаў як саліст, акампаніятар, а таксама пісаў музыку. Пасля дэмабілізацыі прысвяціў сябе музычна-асветніцкай і творчай дзейнасці ў Беларусі. У 1927 г. у Бабруйску Я. Цікоцкі працаваў загадчыкам вучэбнай часткі і выкладчыкам па класе фартэпіяна і тэорыі музыкі ў музычнай школе, адным з заснавальнікаў якой ён быў.

У 1932 годзе ўступае ў толькі што створаны Саюз кампазітараў БССР, а ў 1934 годзе атрымлівае запрашэнне заняць пасаду кампазітара Беларускага радыё і пераязджае ў Мінск. Яўген Цікоцкі піша музыку да радыёпастановак, выкладае ў музычнай школе. Велізарным творчым поспехам становіцца стварэнне ім оперы "Міхась Падгорны", якая будзе пасля названа першай беларускай народна-гераічнай музычнай драмай. Гэтая опера стала важнай вяхой у развіцці Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, менавіта яе прэм'ера ў 1939 годзе азнаменавала адкрыццё новага будынка тэатра, а ў 1940-м яна стала адным з трох твораў, якія прадставілі Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі на Дэкадзе беларускага мастацтва. у Маскве.

У гады Вялікай Айчыннай вайны творца быў эвакуіраваны (Уфа, Горкі, Масква), прадоўжыў пісаць песні і рамансы на вершы беларускіх паэтаў А. Астрэйкі, М. Машары, А. Бялевіча і інш.

У Горкім пачалася праца над операй, якая стала сапраўдным сімвалам будучай перамогі. У разгар вайны, пад гукі бамбёжак трое энтузіястаў - кампазітар Яўген Цікоцкі, паэт Петрусь Броўка і спявачка Ларыса Аляксандроўская - пачалі працу над операй «Алеся». Вечарамі, калі па радыё аб'яўлялася паветраная трывога, і артысты спускаліся ў бамбасховішча, стваралася опера: Яўген Цікоцкі не разлучаўся з алоўкам і партытурнай паперай. Цяжка сабе ўявіць другі такі прыклад творчай апантанасці.

У пачатку ліпеня 1944 г. быў вызвалены Мінск. Артысты з захапленнем вярталіся на родную зямлю і працавалі, яны былі апантаныя вялікай ідэяй: паказаць дома героіка-патрыятычную оперу "Алеся", якая павінна была адзначыць адраджэнне Беларусі. Доўгачаканая прэм'ера адбылася 24 снежня 1944 года ў зале Дома Чырвонай Арміі.

Пасляваенны перыяд у жыцці Я. Цікоцкага адзначаны плённай творчай і грамадскай працай. У 1944-м Яўгена Цікоцкага прызначаюць мастацкім кіраўніком Беларускай дзяржаўнай філармоніі. З 1950-га па 1963-ы ён - старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР. Ён пісаў музыку, артыкулы, выкладаў у музычнай школе-дзесяцігодцы, даваў кансультацыі самадзейным кампазітарам, выступаў на радыё.

Творчы шлях Я. Цікоцкага ахоплівае больш за 40 гадоў і адлюстроўвае ўсе працэсы і з’явы станаўлення беларускага музычнага мастацтва. Кампазітар выступаў у розных жанрах опернай і сімфанічнай музыкі. Яго творы вызначаюцца складанай драматургіяй, інтэнсіўным вобразна-тэматычным развіццём, часта заснаваным на разгалінаваных лейтматыўных сістэмах. У першых кампазіцыях значнае месца займае беларуская народная песня, якая надала яго музыцы вобразнасць, меладычнасць, ладавыя асаблівасці (“Я табун сцерагу”, “Ты, чырвоная каліна”, “Кукавала зязюля”). Прыметы творчага стылю Я. Цікоцкага сфарміраваліся ў арганічным спалучэнні асаблівасцей беларускага фальклору з традыцыямі рускай класічнай школы.

У лік найбольш значных твораў кампазітара ўваходзяць оперы “Міхась Падгорны” (лібрэта П. Броўкі; пастаўлена ў 1939 г.), “Алеся” (“Дзяўчына з Палесся”, лібрэта П. Броўкі пастаўлена ў 1944, 1957, 1967 гг.; за апошнюю рэдакцыю атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі 1968). Апошняя опера кампазітара “Ганна Громава” (1970, лібрэта Я. Рамановіча), на жаль, не атрымала сцэнічнага ўвасаблення. Таксама Я. Цікоцкі напісаў гераічную паэму для баса, хору і сімфанічнага аркестра “Буравеснік” (на словы М. Горкага; 1920, 1936, 1946); шэсць сімфоній (1927, 1941, 1948, 1955, 1958, 1963); сімфанічную паэму “50 гадоў” (1966); уверцюру “Свята на Палессі” (1953) і іншыя творы. Аўтар музыкі да многіх драматычных спектакляў, кінафільмаў.

За высокія творчыя дасягненні і адданасць музыцы Я. Цікоцкі атрымаў ганаровае званне народнага артыста Беларусі (1953) і СССР (1955), узнагароджаны ордэнам Леніна (1944), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1940, 1949), ордэнам “Знак Пашаны” (1964) і медалямі.

ПАРТНЕРЫ