Гiсторыя тэатра

 

Развіццё опернага і балетнага жанраў да заснавання Тэатра оперы і балета

Тэатр оперы і балета як самастойнае культурнае аб’яднанне сфарміраваўся ў Беларусі ў 30-я гады ХХ стагоддзя, аднак яго з’яўленне было падрыхтавана працяглай гісторыяй развіцця музычна-тэатральнага мастацтва, якая налічвае не адно стагоддзе.
Ужо каля сярэдзіны XVIII стагоддзя ў розных гарадах нашай краіны дзейнічаў цэлы шэраг прафесійных прыватнаўласніцкіх тэатраў са сваімі трупамі і капэламі – у Нясвіжы, Слоніме, Ружанах, Гродне, Шклове, Магілёве і інш., – адукаванасць, мастацкі густ і эстэтычныя памкненні буйных беларускіх магнатаў спрыялі актыўнаму развіццю тэатральнай культуры. Ставіліся ў асноўным французскія і італьянскія творы, аўтарамі ж і суаўтарамі новых спектакляў нярэдка выступалі самі магнаты. Аднымі з першых беларускіх опер сталі творы Яна Давіда Голанда, капельмайстра Караля Станіслава Радзівіла (Пане Каханку), “Агатка” (1784, лібрэта Мацея Радзівіла) і “Чужое багацце нікому не служыць”. Твор Рафаіла Вардоцкага на лібрэта Міхала Цяцерскага і іншых выкладчыкаў Забельскай гімназіі “Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас” – адзіны вядомы сёння помнік “школьнага тэатра” – таксама можа быць атрыбутаваны як адна з першых беларускіх опер.

Прыкметнай з’явай у культуры еўрапейскага рамантызму стала опера (музычная драма) Антонія Генрыка Радзівіла “Фауст”, лібрэта да якой адмыслова стваралася Іаганам Вольфгангам Гётэ. Опера была пастаўлена ў Германіі і дзесяцігоддзямі не сыходзіла з тэатральных падмосткаў Еўропы, але на радзіме кампазітара яе змаглі ўбачыць толькі ў 1999 годзе.

У прыватнаўласніцкіх тэатрах XVIII стагоддзя складаліся і балетныя трупы (у Гродзенскім тэатры Тызенгаўза, Нясвіжскім тэатры Радзівілаў, Слонімскім тэатры Агінскага, Слуцкім тэатры Радзівіла, Шклоўскім тэатры Зорыча) і былі арганізаваны балетныя школы (Гродна, Нясвіж, Слонім, Шклоў, Слуцк). Гісторыя фарміравання балета як самастойнага жанру (і гэта тычыцца не толькі Беларусі) спецыфічная тым, што балетная музыка мела ўжытковы характар, і нават назвы тагачасных балетаў знайсці ў наш час досыць нялёгка. Тым не менш звесткі, якія захаваліся ў гістарычных крыніцах, сведчаць аб высокім узроўні развіцця балетнага мастацтва.

Ёсць некаторыя дадзеныя аб балетным рэпертуары XIX стагоддзя. Была заснавана і набыла вядомасць трупа “Віцебскі балет М. Піёна”, у рэпертуары якой былі балеты “Вяселле ў Айцове” К. Курпіньскага і Ю. Дамсэ, “Дзве статуі” Ю. Эльснера, “Швейцарская малочніца” А. Гіровеца і М. Э. Карафа дзi Калабрана, “Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі” Маковеца, “Антыкварыус, або Баль у касцюмах”, “Мімілья, або Штарыйцы”, “Заручыны”, “Тэатраманія, або Свавольствы кахання”.

Найважнейшай вяхой у развіцці нацыянальнага музычна-тэатральнага мастацтва стала пастаноўка “Сялянкі” (“Ідыліі”) Станіслава Манюшкі на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, ажыццёўленая на сцэне Мінскага гарадскога тэатра ў 1852 годзе, – пастаноўка, якую прынята лічыць пунктам адліку ў стварэнні нацыянальнай оперы.

"Патопленае ў моры крыві паўстанне 1863-1864 гадоў надоўга затрымала развіццё беларускай культуры. Трынаццать гадоў край знаходзіўся на аблогавым становішчы. Новы генерал-губернатар Літвы і Беларусі М.Мураўёў, празваны народам за неверагодную жорсткасць "вешальнікам", бязлітасна праследваў усё перадавое і прагрэсіўнае", - піша А.Капілаў у падручніку "Музычны тэатр Беларусі: Дакастрычніцкая перыяд". Музычна-тэатральнае жыццё краіны, зразумела, не было супынена зусім, але ў сілу грамадска-палітычнай і агульнакультурнай сітуацыі не мела умоў для значнага росту.

Моцным імпульсам да ўздыму музычна-тэатральнай культуры стала адкрыццё ў 1890 годзе ў Мінску новага будынка Гарадскога тэатра, так званага зімняга тэатра. У першы сезон у ім працавала высокапрафесійная трупа пад кіраўніцтвам таленавітага дырыжора В. Сука. Оперная афіша ўключала 17 назваў, прычым шмат якія навінкі еўрапейскай сцэны, накшталт “Атэла” Дж. Вердзі, адразу прадстаўляліся беларускай публіцы. Дарэчы, опера П. Масканьі “Сельскі гонар” была пастаўлена ў Мінскім гарадскім тэатры ў 1892 годзе – тады ж, калі яе ўпершыню пачулі ў Парыжы і Варшаве. Гэта быў другі сезон тэатра, але за кароткі час на яго сцэне ўжо было выканана некалькі дзясяткаў твораў. У 1904 годзе выкананнем “Сельскага гонару” ў гэтай зале кіраваў сам П’етра Масканьі.Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца клавір оперы з аўтографам кампазітара.

 

 

У ХХ стагоддзі станаўленне беларускага опернага і балетнага мастацтва было працягнута ў цеснай сувязі з развіццём драматычнага тэатра: у творчым калектыве першага беларускага дзяржаўнага тэатра (які стаў пасля Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Я.Купалы) былі салісты оперы, харавая і балетная трупы.

У першае паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе тэатр быў абвешчаны важным інстытутам мастацка-ідэалагічнага выхавання грамадства, у сувязі з чым упор рабіўся на сучасную і надзённую тэматыку, а класічныя сюжэты асучасніваліся. У такіх умовах з'явіліся першыя нацыянальныя музычныя спектаклі: опера "Вызваленне працы" М.Чуркіна, камічная опера "Тарас на Парнасе" М.Аладава (дзеянне якой было перанесена ў 20-я гады ХХ стагоддзя), антырэлігійная музычная камедыя "Мільён Антоніеў, або Кухня святасці» з музыкай Я.Цікоцкага.

У гэты перыяд стала востра ўзнімацца пытанне аб стварэнні беларускай нацыянальнай оперы, у газетных публікацыях нават разгарнулася дыскусія аб магчымых шляхах рашэння. Адным з дзейсных крокаў сталі пераклады на беларускую мову опер сусветнай спадчыны. Так, сіламі артыстаў у 1927 годзе на сцэне БДТ-1 (Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы) была ажыццёўлена паўнавартасная чатыроххактовая пастаноўка «Русалкі» А.Даргамыжскага ў перакладзе на беларускую мову (у тыя гады ў БДТ таксама былі выкананы ўрыўкі з опер «Князь Ігар» А.Барадзіна і «Фаўст» Ш.Гуно, балеты «Капелія» Л.Дэліба і «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Фея лялек» Й.Баера і інш.).

Пошук таленавітых кадраў (салістаў, танцоўшчыкаў, музыкаў, кампазітараў) стымуляваў з'яўленне ў гэты перыяд спецыяльных музычных навучальных устаноў - у 1924 быў адкрыты Беларускі дзяржаўны музычны тэхнікум, створаны на базе музычнай школы, якая існавала з 1879. У першыя гады функцыянавання тэхнікума былі паслядоўна арганізаваны і балетны класы.

На дапамогу маладым спевакам у іх творчай працы прыйшлі выдатныя вакалісты, якія выступалі на вялікіх сцэнах Расіі, сярод іх быў Вячаслаў Селях (ураджэнец Лагойска, пасля саліст Марыінскага тэатра і пазней кіраўнік музычнай секцыі Інбелкульта), а таксама былыя салісты Вялікага тэатра Расіі Васіль Цвяткоў і Антон Баначыч.

Вынікам першага года працы опернага класа сталі спектаклі, падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам В.Цвяткова і А.Баначыча ў сезоне 1927/28, - "Севільскі цырульнік" Дж.Расіні, "Русалка" А.Даргамыжскага, "Фаўст" Ш.Гуно (выкананы таксама на беларускай мове ў перакладзе Ю.Дрэйзіна).

5 кастрычніка 1930 года спецыяльны клас Беларускага музычнага тэхнікума быў рэарганізаваны ў Дзяржаўную студыю оперы і балета. Педагагічная праца ў студыі праводзілася пад кіраўніцтвам А.Баначыча і канцэртмайстра і хормайстра Г.Пятрова. Над сцэнічным майстэрствам артыстаў працаваў рэжысёр і педагог М.Рафальскі. Оперныя спектаклі ставіліся рэжысёрамі Б.Нордам, А.Барысевіч і В.Цезараўскім. За тры гады студыя падрыхтавала цэлую плеяду прафесійных артыстаў і ажыццявіла пастаноўкі опер «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1931 – дырыжор І.Гітгарц, рэжысёр В.Тэзаўроўскі), «Кармэн» Ж.Бізэ (1932 - дырыжор І.Гітгарц, рэжысёр Б.Норд), падрыхтавала оперы "Царская нявеста" М.Рымскага-Корсакава, "Яўген Анегін" П.Чайкоўскага.

 

Ад адкрыцця да 1960-х гадоў

25 мая 1933 года Дзяржаўны тэатр оперы і балета ў Мінску быў адкрыты операй "Кармэн" з вялікай беларускай спявачкай Ларысай Александроўскай у загалоўнай партыі. Беларусь здабыла цэнтр высокапрафесійнай музычна-драматычнай творчасці і выканальніцкага мастацтва, далучылася да еўрапейскай опернай спадчыны, увайшла ў сусветны культурны працэс.

Першыя спектаклі 1933 года, акрамя "Кармэн" – оперы "Яўген Анегін" і "Пікавая дама" П.Чайкоўскага, "Царская нявеста" М.Рымскага-Корсакава і першая балетная пастаноўка тэатра – "Чырвоны мак" Р.Гліэра. Першае пакаленне мастацка-творчага складу тэатра - І.А. Гітгарц (мастацкі кіраўнік), Г.Н. Пятроў (дырыжор), В.М. Барысевіч (рэжысёр), Л.В. Крамарэўскі і К.Н. Мулер (балетмайстры); оперныя выканаўцы - Л.П. Александроўская, Р.В. Млодэк, С.Ю. Друкер, І.М. Балоцін, М.І. Дзянісаў; салісты балета - А.В. Нікалаева, Т.С. Узунова, Ю.В. Хіраска, С.В. Дрэчын. Акрамя таго, сваім імклівым творчым станаўленнем малады калектыў быў шмат у чым абавязаны буйным майстрам рускай тэатральнай сцэны – дырыжорам Н.Б. Грубіну і У.І. Пірадаву, рэжысёрам І.Ю. Шляпянаву і Б.А. Пакроўскаму, балетмайстрам Ф.В. Лапухову і А.Н. Ярмалаеву, мастаку С.Ф. Нікалаеву.

 

У перыяд з 1933 па 1939 год тэатр асвоіў класічныя оперныя шэдэўры заходнееўрапейскага і рускага рэпертуара, сярод якіх – "Князь Ігар" А.Барадзіна, "Севільскі цырульнік" Дж.Расіні, "Рыгалета" Дж.Вердзі, "Тоска" Дж.Пучыні, "Русалка" А.Даргамыжскага. Пры тэатры працавала балетная студыя, дзе займаліся адораныя дзеці і ўдзельнікі самадзейных кружкоў з усёй Беларусі. Балетная трупа тэатра складалася ў той час больш чым за 100 артыстаў, якія адрозніваліся даволі высокай прафесійнай падрыхтоўкай. Былі пастаўлены балеты "Капелія" Л.Дэліба, "Канёк-гарбунок" Ц.Пуні, "Марная засцярога" П.Гертеля, "Лебядзінае возера" П.Чайкоўскага.

Адной з галоўных сваіх задач тэатр оперы і балета Беларусі лічыў стварэнне нацыянальнага рэпертуара. 10 сакавіка 1939 года прэм'ерай оперы беларускага кампазітара Яўгена Цікоцкага "Міхась Падгорны" было адзначана адкрыццё ўласнага будынка тэатра на Траецкай гары, пабудаванага па праекце вядомага архітэктара Іосіфа Лангбарда. Першым балетным спектаклем, прадстаўленым на новай сцэне ў пастаноўцы знакамітага харэографа Касьяна Галейзоўскага, стаў "Бахчысарайскі фантан" Б.Асаф'ева, які адкрыў новы сезон 1939-1940 гг.

30-я гады сталі вельмі плённым перыядам для тэатра: апроч падрыхтоўкі класічнага рэпертуару былі пастаўлены тры нацыянальныя оперы – “У пушчах Палесся” А. Багатырова, “Міхась Падгорны” (2-я рэдакцыя) Я. Цікоцкага і “Кветка шчасця” А. Туранкова, – і балет “Салавей” М. Крошнера паводле аповесці З. Бядулі (1939).
У чэрвені 1940 года гэтыя спектаклі з вялікім поспехам прайшлі ў рамках дэкады беларускага мастацтва ў Маскве. Сведчаннем прызнання высокага ўзроўню калектыву і яго выключнай рэпутацыі стала прысваенне ў гэтым жа годзе тэатру звання “Вялікі” і ўзнагароджанне ордэнам Леніна.

 

У пачатку 40-х былі пастаўлены оперы “Мадам Батэр­фляй” (“Чыа-Чыа-сан”) Дж. Пучыні (1940), “Казкі Гофмана” Ж. Афенбаха (1941), балет “Дон Кіхот” Л. Мінкуса (1941). Апошняя прадваенная прэм’ера тэатра – “Травіята” Дж. Вердзі, якая прайшла 22 сакавіка 1941 года.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945) шмат артыстаў тэатра пайшлі на фронт або далучыліся да партызанскага руху, іншыя стваралі франтавыя канцэртныя брыгады і выступалі перад салдатамі. Тэатр оперы і балета быў эвакуіраваны ў Паволжа Расіі (гарады Горкі і Каўроў), дзе працягваў актыўную творчую дзейнасць.

Адразу пасля вызвалення сталіцы калектыў вярнуўся ў Мінск і ў снежні 1944 года адкрыў сезон новым беларускім творам – прэм’ерай оперы “Алеся” Я. Цікоцкага. Гэтая падзея азнаменавала адраджэнне Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі. Тэатр вельмі хутка зноў увайшоў у лік прызнаных лідараў культурнай прасторы СССР. Яркімі падзеямі ў гісторыі нацыянальнага тэатральнага мастацтва пасляваеннага перыяду сталі прэм’еры балета "Князь-возера" В. Залатарова (1949, балетмайстар К. Муллер, дырыжор І. Гітгарц) і оперы "Кастусь Каліноўскі" Д. Лукаса (1947, дырыжор В. Брон, рэжысёр У. Шахрай). У 1948 годзе была ажыццёўлена новая пастаноўка “Лебядзінага возера” П. Чайкоўскага (балетмайстар К. Муллер, дырыжор А. Жоленц).

У 50-я гады значныя дасягненні беларускага тэатра звязаныя з інтэрпрэтацыямі опернай класікі; пастаўленыя оперы "Іван Сусанін" М. Глінкі (1950, дырыжор У. Пірадаў, рэжысёр Б. Мардвінаў), "Фаўст" Ш. Гуно (1950, дырыжор Т. Каламійцава, рэжысёр У. Шахрай), "Дэман" А. Рубінштэйна (1950, дырыжор Д. Карасік, рэжысёр У. Шахрай), "Паяцы" Р. Леанкавала, (1951, дырыжор В. Карпаў, рэжысёр У. Шахрай), "Страшны двор" С. Манюшкі (1952, дырыжор Л. Любімаў, рэжысёр Л. Александроўская), "Мазепа" П. Чайкоўскага (1952, дырыжор Л. Любімаў, рэжысёр Л. Александроўская), "Іаланта" П. Чайкоўскага (1952, дырыжор Б. Афанасьеў, рэжысёр А. Маралёў), "Барыс Гадуноў" М. Мусаргскага (1954, дырыжор Л. Любімаў, рэжысёр Л. Александроўская), "Садко" М. Рымскага-Корсакава (1957, дырыжор Л. Любімаў, рэжысёр А. Маралёў) і інш.; у 1953 годзе быў пастаўлены адзін з найпапулярнейшых спектакляў тэатра, які трымаўся ў афішы да 2008 года, -опера Дж. Вердзі "Аіда" (дырыжор -Л. Любімаў, рэжысёр -Л. Александроўская).

Сярод класічных балетаў, пастаўленых цягам гэтага дзесяцігоддзя, - "Эсмеральда" Ц. Пуні (1951, балетмайстар С. Дрэчын, дырыжор І. Абраміс), "Жызэль" А. Адана (1953, балетмайстар К.Муллер, дырыжор Т. Каламійцава), "Карсар" А. Адана (1957, балетмайстар С.Дрэчын, дырыжор І. Абраміс), "Баядэрка" Л. Мінкуса (1959, балетмайстар Ю. Дружынін, дырыжор І. Абраміс), балеты П. Чайкоўскага "Спячая прыгажуня" (1954, балетмайстар К. Муллер, дырыжор І. Абраміс) і "Шчаўкунок" (1956, балетмайстар К. Муллер, дырыжор Т. Каламійцава).
Важную частку творчага працэсу гэтых гадоў склалі пастаноўкі сучасных твораў: опер "Ціхі Дон" І. Дзяржынскага (ліпень 1951, дырыжор Л. Худалей, рэжысёр Б. Мардвінаў; лістапад 1951 (рэдакцыя), дырыжор Д. Карасік, рэжысёр Л. Александроўская), "Маладая гвардыя" Ю. Мейтуса (1954, дырыжор Т. Каламійцава, рэжысёр А. Маралёў), "Марынка" Р. Пукста (1955, дырыжор І. Абраміс, рэжысёр Л. Александроўская), "Купальская ноч" (1956, дырыжор Т. Каламійцава, рэжысёр А. Маралёў) і "Ясны світанак" А. Туранкова (1958, дырыжор Л. Любімаў, рэжысёр Л. Александроўская), "Надзея Дурава" А. Багатырова (1956, дырыжор Л. Любімаў, рэжысёр Л. Александроўская), балетаў "Аповесць пра каханне" (1953, балетмайстар А. Ермалаеў, дырыжор Т. Каламійцава) і "Палымяныя сэрцы" В. Залатарова (1955, балетмайстар А. Ермалаеў, дырыжор І. Гітгарц), "Падстаўная нявеста" Вагнера (1958, балетмайстар К. Муллер, дырыжор Т. Каламійцава).

У наступныя гады, аж да распаду СССР, беларускі тэатр меў устойлівую рэпутацыю аднаго з самых яскравых і творча жыццяздольных калектываў. Яго высокі мастацкі ўзровень у розны час вызначалі такія вядомыя дырыжоры, як: Анісім Брон, Леў Любімаў, Таццяна Каламійцава, Яраслаў Вашчак, Уладзімір Машэнскі, Генадзь Праватораў, Аляксандр Анісімаў; рэжысёры Алег Маралёў, Дзмітрый Смоліч, Юрый Южанцаў, Сямён Штэйн, Вячаслаў Цюпа, Маргарыта Ізворска-Елізар'ева; мастакі Яўген Чамадураў, Эрнст Гейдэбрэхт, Яўген Ждан, Вячаслаў Окунеў.

 

Партнёры