«Па маім глыбокім перакананні, Моцарт ёсць вышэйшая, кульмінацыйная кропка, да якой прыгажосць дасягала ў сферы музыкі… » П.І.Чайкоўскі
5 лютага гледачы, якія прыйдуць вечарам у Камерную залу тэатра, змогуць атрымаць асалоду ад выканання сапраўдных музычных шэдэўраў вялікага кампазітара. Праграму з самых вядомых твораў В.А.Моцарта прадставяць вядучыя салісты оперы Вялікага тэатра Беларусі.
У першай частцы вечара ў выкананні оперных спевакоў – уладальніцы медаля Францыска Скарыны Таццяны Пятровай, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Марыі Булда, Андрэя Сялюціна, Святаслава Сахарава і інш прагучаць арыі і дуэты з опер «Вяселле Фігара», «Чароўная флейта», «Дон Жуан», «Ідаменэй». Лаўрэат міжнародных конкурсаў Анастасія Дубоўская (раяль) сабрала ў праграму як сапраўдныя «хіты», так і вытанчаныя творы, якія выконваюцца рэдка. Гледачы пачуюць арыі Царыцы ночы, Дон Жуана, Электры, Бартала і многія іншыя.
У другой частцы публіцы будзе паказана камічная опера пра двух мілых закаханых – пастушку Басцьенну і пастуха Басцьена. Гэты геніяльны твор Моцарт напісаў, калі яму было ўсяго дванаццаць гадоў. Увечары 5 лютага сучаснае бачанне гэтай гісторыі прадставяць лаўрэаты міжнародных конкурсаў Віктар Мендзелеў, Ірына Кучынская, Руслан Маспанаў, Юрый Балацько, Ірына Буцель (раяль).
Цікава
У 1768-м оперу «Басцьен і Басцьенна» маладому Моцарту замовіў доктар Франц Антон Месмер, вельмі вядомы і паспяховы лекар. Ён сам іграў на шкляным гармоніку, клавесіне і віяланчэлі. А часам яны з Вольфгангам Амадэем музіцыравалі разам. Месмер папрасіў напісаць оперу «Басцьен і Басцьенна» для выканання ў Садовым тэатры пры сваёй віле, якая нагадвала маленькі Версаль. У сачыненні – тры персанажы: пастушка Басцьенна (сапрана), яе каханы Басцьен (тэнар) і вясковы вядзьмак Калас (бас).
Сюжэт вельмі просты: Басцьенна сумная, ёй здаецца, што яе Басцьен ўжо не кахае яе. Вядзьмак Калас згаджаецца дапамагчы і раіць ёй зрабіць выгляд, што яна ўжо абыякавая да маладога чалавека. Сапраўды, пастушок так узрушаны халоднасцю дзяўчыны, што таксама ... звяртаецца па дапамогу да чараўніка. Пасля чарады смешных «выпрабаванняў», вядома ж, усё заканчваецца шчаслівым прымірэннем закаханых.