У 2025 годзе музычны свет адзначае 185-гадовы юбілей генія рускай музыкі Пятра Ільіча Чайкоўскага. З нагоды знамянальнай даты Вялікі тэатр Беларусі запускае праект “Год Чайкоўскага ў Вялікім тэатры Беларусі”.
Чайкоўскі ўвайшоў у плеяду вялікіх імёнаў музычнай культуры, значэнне якіх бясспрэчна. Музыка Чайкоўскага неверагодна папулярная, яе магнетычнае ўздзеянне не слабее са зменай эпох.
Яго інтанацыйнасць нібы напоўніла сабой музычныя артэрыі, што кормяць велізарную частку мастацкай прасторы, ператварыўшы “Чайкоўскага” ў частку каранёвай сістэмы самой культуры. Менавіта таму ўжо больш за паўтара стагоддзя Чайкоўскі − родны не толькі для рускага мастацтва. І ў сучаснай беларускай музычнай рэальнасці Чайкоўскі займае істотнае месца.
Жыццё і дзейнасць кампазітара прыйшліся на час, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, што шматразова ўзмацняла ўзаемаўплыў суседніх культур. Так, настаўнікам Чайкоўскага быў ураджэнец Віцебшчыны Мікалай Іванавіч Зарэмба, рэфарматар расійскай сістэмы вышэйшай музычнай адукацыі. Цесна супрацоўнічаў з Чайкоўскім Канстанцін Горскі, ураджэнец Ліды, − кампазітар і вядомы скрыпач, майстэрства якога надзвычай цаніў Пётр Ільіч.
Музыка П. Чайкоўскага, безумоўна, была вядомая беларускаму адукаванаму грамадству яго часу, тым больш, што ў другой палове XIX стагоддзя рускі рэпертуар заняў вызначальнае становішча ў канцэртных залах, салонах і дамах. У аркестровых канцэртах выконваліся сімфанічныя творы, гучалі фрагменты з опер і асабліва вядомымі былі рамансы кампазітара.
Оперы Чайкоўскага выконваліся ў гарадах Беларусі аматарскімі суполками і антрэпрызамі. Яшчэ да адкрыцця Беларускага тэатра оперы і балета творы кампазітара трывала ўвайшлі ў музычны ўжытак. Нават у гады адноснага пазбягання музыкі кампазітара (у пострэвалюцыйныя 20-я многае з яго спадчыны прызнавалася неадпаведным духу часу), у Беларусі Чайкоўскі гучаў. Сіламі педагогаў і навучэнцаў Мінскага музычнага тэхнікума ставіліся сцэны з “Яўгена Анегіна” і “Пікавай дамы”. Такім чынам, да часу адкрыцця ў Беларусі Дзяржаўнага тэатра оперы і балета ўжо быў назапашаны пэўны (і немалы) вопыт пастаноўкі оперных твораў Чайкоўскага. Нягледзячы на тое, што найбольш папулярнымі назвамі сталі “Яўген Анегін” і “Пікавая дама”, беларуская публіка мела магчымасць пазнаёміцца і з такімі шэдэўрамі кампазітара, як “Мазепа”, “Чарадзейка”, “Чаравічкі” і “Апрычнік”.
У 1930 годзе, калі на базе тэхнікума была арганізавана Дзяржаўная студыя оперы і балета, “Яўген Анегін” быў пастаўлены цалкам. Пасля гэтая пастаноўка “перавандравала” у рэпертуар Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, стаўшы такім чынам, адной з самых першых работ калектыву. У 1934 да “Анегіна” дадалася “Пікавая дама” у пастаноўцы галоўнага рэжысёра Музычнага тэатра імя Ул. Неміровіча-Данчанкі Барыса Мардвінава, стаўшы яго дэбютам у Мінску.
На працягу больш за 90 гадоў існавання Вялікага тэатра Беларусі творы П. Чайкоўскага складаюць адну з асноў опернага і балетнага рэпертуару. Акрамя балетнага трыпціха (“Лебядзінае возера”, “Спячая прыгажуня”, “Шчаўкунок”) і нязменнага опернага касцяка ў выглядзе згаданых “Яўгена Анегіна”, “Пікавай дамы” ды “Іаланты”, якая прымыкае да іх, у тэатры ў свой час былі прадстаўлены “Мазепа” і “Чарадзейка”.
У цяперашні час у актыўным рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі − оперы “Яўген Анегін”, “Пікавая дама”, “Іаланта”, балеты “Лебядзінае возера”, “Спячая прыгажуня”, “Шчаўкунок”; на аснове сімфанічных твораў кампазітара пастаўлены балет “Ганна Карэніна”. У бліжэйшых планах тэатра пастаноўка грандыёзнага палатна Чайкоўскага оперы “Арлеанская дзева” − упершыню ў гісторыі нашага тэатра.
“Год Чайкоўскага ў Вялікім тэатры Беларусі” − новая творчая ініцыятыва тэатра. У межах гэтага праекта плануюцца паказы опер і балетаў кампазітара, фотавыстаўкі і іншыя тэматычныя мерапрыемствы.
Першым спектаклем “Года Чайкоўскага ў Вялікім тэатры Беларусі” стаў паказ оперы “Іаланта” 19 красавіка 2025 года.
Наступныя мерапрыемствы:
“Яўген Анегін” 30 красавіка 2025 года
“Яўген Анегін” 20 мая 2025 года
“Лебядзінае возера” 21 мая 2025 года
“Спячая прыгажуня” 28 мая 2025 года
“Ганна Карэніна” 30 мая 2025 года
“Арлеанская дзева” 17 чэрвеня 2025 года
“Арлеанская дзева” 18 чэрвеня 2025 года
“Ганна Карэніна” 25 чэрвеня 2025 года
“Ганна Карэніна” 27 чэрвеня 2025 года
“Лебядзінае возера“ 29 чэрвеня 2025 года