ГЕНЕРАЛЬНЫЙ ПАРТНЕР ПРОЕКТА
ПАРТНЕР ПРОЕКТА
Усход і ўсходняя казка ... Асаблівая пластыка танца, экзатычныя рытмы, магічныя мелодыі, багатыя касцюмы... 4 чэрвеня фестываль “Балетнае лета” ў Вялікім тэатры Беларусі адкрые Прыморская сцэна Марыінскага тэатра. Калектыў прадставіць знакаміты балет “Тысяча і адна ноч” па матывах арабскіх казак на музыку Фікрэта Амірава. Другі паказ пройдзе 5 чэрвеня. Трупа Прыморскай сцэны Марыінскага тэатра ўпершыню будзе выступаць на беларускай сцэне.
За дырыжорскім пультам Сімфанічнага аркестра Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург) – даўні сябар нашага тэатра маэстра Эйюб Куліеў, галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Азербайджанскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета і запрошаны дырыжор Міжнароднага філарманічнага аркестра Куньмін (Кітай), Марыінскага тэатра, Татарскага акадэмічнага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Мусы Джаліля (Расія), Славацкага камернага аркестра імя Багдана Вархала.
У спектаклі “Тысяча і адна ноч” прыме ўдзел таксама і хор Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург).
У рамках “Балетнага лета” традыцыйна нас чакаюць прэм'еры. 6 чэрвеня − адна з самых любімых казак Шарля Перо – аб працавітай дзяўчыне, якая насуперак усяму змагла знайсці сваё сапраўднае каханне, – балет С. Пракоф'ева “Папялушка”. Яго прэм'ера адбылася летам мінулага года − казку прадставілі балетмайстры Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў. Увечары 6 чэрвеня за дырыжорскім пультам − Юрый Караваеў. У галоўных партыях − Папялушкі і Прынца – Аліна Рудэнка і Уладзімір Руда.
Нас чакае і прэм'ера гэтага сезону − вечар аднаактовых балетаў “Танцы”, які аб'яднаў тры знакавых творы – “Балеро”, “Танец смерці” і “Кармэн”. Пастаноўку балетмайстра Ігара Колба, дырыжора Арцёма Макарава, мастака Вольгі Мельнік-Малахавай ўбачым 7 чэрвеня.
За дырыжорскім пультам − Віталь Грышчанка. У галоўных партыях: Канстанцін Белахвосцік, Людміла Хітрова, Андрэй Барыеў, Іван Камышоў, Аліна Рудэнка, Уладзіслаў Каляда, Марыя Музалеўская, Дзяніс Шпак, Дзіяна Багатава, Юрый Кавалёў, салістка оперы Ірына Паляшчук.
8 чэрвеня заслона падымецца для аднаго з самых загадкавых балетаў геніяльнага Чайкоўскага. Чаму папулярнасць “Лебядзінага возера” не сціхае на працягу вось ужо амаль 150 гадоў?.. Магчыма, адказ крыецца ў тых эмоцыях, якія ён дорыць кожнаму гледачу... На сцэне – гісторыя, дзе далікатнасць становіцца сілай, а перад святлом сапраўднага кахання бяссільны змрок... За дырыжорскім пультам − Мікалай Калядка. У галоўных партыях − Марыя Музалеўская, Канстанцін Белахвосцік, Антон Краўчанка, Леў Камкоў. Гэты вечар 8 чэрвеня завершыць фестываль “Балетнага лета", які пройдзе ў Вялікім у 11-ы раз.