Вялікі тэатр Беларусi
Вялікі тэатр Беларусi
13 мерапрыемстваў за 3 дні! Білеты на фестываль «Вечары Вялікага тэатра Беларусі ў замку Радзівілаў» у продажы! З 19 па 21 чэрвеня ўсе творчыя калектывы тэатра едуць у Нясвіж, каб падарыць гледачам сапраўднае свята. Гэта будзе 16-ы па ліку творчы праект.
Адкрые фестываль 19 чэрвеня ў 16:00 у Тэатральнай зале замка Радзівілаў канцэрт галоўнага рэжысёра тэатра Ганны Маторнай «Беларуская опера: традыцыя і сучаснасць». Тэатралізаваная праграма падрыхтавана ў рамках творчага праекта «На скрыжаванні музычных падзей: опера – гэта модна, опера – гэта моцна!», які рэалізуецца за кошт сродкаў гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры на 2026 год.
«Праект накіраваны на папулярызацыю беларускай опернай музыкі, выкананне новых твораў беларускіх кампазітараў, прыцягненне ў акадэмічны фармат стылю красовер і творчых эксперыментаў... Але галоўны пасыл гэтага праекта нават не столькі ў адкрыцці самой новай музыкі, колькі ў асветніцкай сутнасці музычна-тэатральнай культуры, – кажа Ганна Дзмітрыеўна. − Каханне і запал, праўда і хлусня, боль адзіноты і далікатны свет чалавечага шчасця, іронія, феерверк нястрымных эмоцый – усё гэта свет Оперы!»
Да 100-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Зацэпіна ў Тэатральнай зале замка ў 19:00 будзе прадстаўлена праграма рэжысёра Наталлі Бараноўскай «Есть только миг между прошлым и будущим». У выкананні калектыву «А. M. A. D. I. S. Brass» (мастацкі кіраўнік – Дзмітрый Гарбачук) і вядучых салістаў оперы прагучаць «хіты», знаёмыя, мабыць, усім: «Песенка о медведях», «Если б я был султан…», «Любовь одна виновата…», «Песня про зайцев», «Помоги мне…», «Остров невезения» і многія іншыя.
У 21: 00 − на вялікай сцэне ў Цэнтральным двары Нясвіжскага замка ўпершыню будзе паказаны містычны спектакль «Вілісы. Фатум» − аб трагічным каханні, здрадзе і помсце, якая хаваецца ў апантаным танцы Віліс...
Белыя вуалі прывідных Віліс − дзяўчат-зданяў, падманутых жаніхамі, зачаравальная музыка Джакама Пучыні, гіпнатычныя святло і танец, выстаяць перад якім немагчыма – усё гэта опера-балет «Вілісы. Фатум», адзін з самых атмасферных спектакляў Вялікага тэатра. Гэта цудоўная рэжысёрская праца заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Аксаны Волкавай.
У суботу, 20 чэрвеня, другі фестывальны дзень адкрые ў 11 гадзін раніцы ў Тэатральнай зале Духавы квінтэт тэатра – музыканты раскажуць «Гісторыю Бабара, маленькага сланяня» Ф.Пуленка.
Аднойчы мастак Жан дэ Бруноф пачуў, як яго жонка, Сесіль, распавядае сынам на ноч на хаду складзеную казку пра маленькае сланяня, – і замаляваў яе. Так нарадзілася дзіўная гісторыя пра прыгоды Бабара. Пазней, у 1940-ым годзе французскі кампазітар Франсіс Пуленк напісаў музыку да казкі − і гісторыя Бабара загучала пад фартэпіяна. 20 чэрвеня вялікіх і маленькіх гледачоў чакае займальнае музычнае падарожжа, падчас якога сланяняці Бабару прыйдзецца пасталець…
У 13: 00 у Тэатральнай зале «разальецца» «Боскае святло любові беларускай» – дзівоснай прыгажосці праграму прадставяць рэжысёр Марыя Ісаева, вядучыя салісты оперы Марта Данусевіч і Тарас Прысяжнюк, артысткі хору тэатра, калектыў «А.M. A. D. I. S. Brass» (мастацкі кіраўнік – Дзмітрый Гарбачук) і Ірына Буцель (фартэпіяна). У канцэрце прагучаць песні «Красуй, Беларусь!» В. Раінчыка, «Явар і каліна» Ю. Семянякі, «Азёры дабрыні» Л. Захлеўнага, «Багародзіца, Дзева» А. Хадоска, «Зачараваная далечыня» А. Пахмутавай і інш.
У праграме «Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» заўсёды асаблівае месца займае канцэрт, які музыканты рыхтуюць для надзвычайна цудоўнай пляцоўкі Нясвіжа – Касцёла Божага Цела.
20 чэрвеня ў 15:00 у адным з найстарэйшых і найпрыгажэйшых касцёлаў Еўропы прагучыць праграма «Золата і цень Нясвіжа: старадаўняя музычная фрэска». У праграме рэжысёра Марыі Ісаевай прымуць удзел Анастасія Міхнавец (сапрана), Кацярына Міхнавец (мецца-сапрана), Руслан Маспанаў (бас), Ларыса Ласоцкая (флейта), Наталля Мурзіна (флейта), Ірына Маслава (скрыпка), Юрый Башура (альт), Аляксандр Іваноў (віяланчэль), Міхаэль Сандронаў (кантрабас, барочная віяланчэль), Дар'ян Шахаб (барочная лютня), Ірына Савіцкая (барочная лютня), Вераніка Грабоўская (арфа), Юлія Шчарбакова (клавесін, арган). Аўтар канцэпцыі музычнай праграмы − Ірына Маслава.
У 16: 30 зноў пераносімся ў Тэатральную залу замка: на сцэне – паказ прэм'ернай оперы Г.Ф.Гендэля «Ацыс і Галатэя» рэжысёра Наталлі Бараноўскай.
Цыклоп Паліфем, неўзаемна закаханы ў марскую німфу Галатэю, у парыве рэўнаснага адчаю забівае яе каханага – юнага Ацыса. Але каханне Галатэі − мацней за смерць...
У галоўных партыях − вядучыя салісты оперы, салісты балета, артысты хору і Дзіцячага музычнага тэатра-студыі Вялікага тэатра Беларусі. Опера Гендэля прагучыць у выкананні камернага складу аркестра. За дырыжорскім пультам − Віталь Грышчанка.
У 19: 30 на сцэне Тэатральнай залы замка – «Цудоўная чацвёрка». Менавіта так называецца канцэрт, які падрыхтавала заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава.
Завяршае суботні фестывальны дзень казка пра хлопчыка з залатымі валасамі – пра Маленькага прынца, створаная Антуанам дэ Сент-Экзюперы. У 21: 00 на нашай сцэне Цэнтральнага двара Нясвіжскага замка – балет у пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай на музыку Я.Глебава.
Асаблівы настрой трэцяму фестывальнаму дню ў Нясвіжы – 21 чэрвеня – падораць яркія музыканты аркестра Вялікага тэатра Беларусі – у 11:00 гледачоў чакае канцэрт флейт «Нядзельная раніца ў добрай кампаніі» рэжысёра Ганны Маторнай.
«Брава, Моцарт!» − будзем захапляцца творамі генія ў Тэатральнай зале замка ў 13: 30. Рэжысёр Наталля Кузьмянкова, салісты оперы Анастасія Храпіцкая, Андрэй Сялюцін, Руслан Маспанаў, Ірына Паляшчук, Іосіф Нікіценка, Марыя Булда, Кірыл Панфілаў, Дар'я Гаражанка, Андрэй Мацюшонак, Вольга Маліноўская і Анастасія Дубоўская (фартэпіяна) падрыхтавалі праграму да 270-гадовага юбілею В.А. Моцарта.
У 15: 30 у Тэатральнай зале замка – праграма «Серэнада +», якую рыхтуе струнны квінтэт «Серэнада», мастацкім кіраўніком якога з'яўляецца заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Траццяк.
«Гэта сапраўды ўнікальная праграма нашага квінтэта, у якой у суправаджэнні «Серэнады» выступяць артысты аркестра Вялікага тэатра Беларусі – лаўрэаты міжнародных конкурсаў Наталля Мурзіна (флейта), Вераніка Грабоўская (арфа), Дзяніс Парэчын (саксафон-альт), Аляксандр Цірыбінін (ударныя). А ў якасці салістаў выступяць... удзельнікі квінтэта», − кажа Таццяна Траццяк. Сама Таццяна будзе саліраваць... як піяністка. Ёй жа належаць і новыя перакладанні для квінтэта.
Завершыць 16-ы фестываль у Нясвіжы (18: 00) Гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра, які заўсёды становіцца яркай падзеяй, бо ў ім прымаюць удзел вядучыя салісты оперы і балета, артысты хору, аркестра, міманса. Гэта будзе цудоўнае завяршэнне свята.













