Вялікі тэатр Беларусi
Вялікі тэатр Беларусi
Над спектаклем працавалі: музычны кіраўнік і дырыжор-пастаноўшчык народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў, балетмайстар-пастаноўшчык заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб, мастак-пастаноўшчык лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў Любоў Сідзельнікава, мастак па святлу Кірыл Бажок.
Галоўныя партыі ўвечары 6 чэрвеня выканалі: Ніка Скрабкова, Марыя Музалеўская, Канстанцін Белахвосцік, Юрый Кавалёў, Антон Краўчанка, Уладзіслаў Каляда, Арцём Задворнаў, Аліна Рудэнка, Анастасія Юркевіч, Дыяна Багатава.
У другі вечар паказу прэм'ернага спектакля ў гэтых вобразах выйшлі: Лізавета Мусорына, Аляксандра Чыжык, Уладзімір Руда, Юрый Кавалёў, Антон Краўчанка, Уладзіслаў Каляда, Арцём Задворнаў, Ангеліна Барысава, Валянціна Сцяпанава, Дыяна Багатава.
Двума спектаклямі дырыжыраваў Арцём Макараў.
Пасля паклонаў і авацый увесь калектыў тэатра з прэм'ерай павіншавала генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава:
«Віншую з вяртаннем на сцэну тэатра «Баядэркі» - такой новай, прыгожай, стыльнай і, я б сказала, вытанчанай. Гэта была сапраўды вялікая праца. Я выдатна разумею, як вы стаміліся і як няпроста ўсё гэта стваралася, але тое, што мы сёння ўбачылі, – сапраўдны цуд. Усё было прыгожа, цудоўна, прафесійна, з узрушаючай драматычнай ігрой... я перажывала, была з вамі і захаплялася, таму што «Баядэрка» – гэта сапраўдная жамчужына. Я ўсіх шчыра віншую!.. Гэта каласальная праца, і тут быў важны ўклад кожнага...».
«Гэты шэдэўр − сапраўдная візітная картка любога вялікага тэатра, і наш абавязак – захаваць яго ў жывой тканіне нашага рэпертуару, – перакананы Ігар Колб. - У беларускі балет прыйшло новае пакаленне таленавітых артыстаў, і гэтая пастаноўка дорыць нам шанц: працягнуць тыя балетныя традыцыі, на якіх заўсёды засноўваўся тэатр».
Прэм'ера «Баядэркі» адбылася ў Санкт-Пецярбургу ў 1877 годзе: Марыус Петыпа паставіў гэты спектакль для бенефіса Кацярыны Вазем. Вядома, што, пераходзячы са стагоддзя 19-га ў стагоддзе 20-е, балет страціў фінальны акт – разбурэння храма. Адной з асаблівасцяў новай пастаноўкі Ігара Колба стала рэканструкцыя гэтай драматычнай сцэны: «Хацелася, каб аддалена, але ўсё ж спектакль нагадваў тую прэм'еру 1877 года, але не сумняваюся, што пры гэтым ён будзе актуальна гучаць у нашы дні... Я не мяняю сюжэт, мне здаецца, не маю на гэта права, стаўлюся да гэтага спектакля з трапятаннем і прыдыханнем...»
Дададзім, што ўпершыню на беларускай сцэне балет Л. Мінкуса «Баядэрка» быў пастаўлены ў 1959 годзе (пастаноўка Ю.Дружыніна). Другая пастаноўка была здзейснена ў 2005-м, апошні паказ гэтага спектакля (пастаноўка П.Сталінскага) прайшоў 29 кастрычніка 2025 года.




















