Вялікі тэатр Беларусi
Вялікі тэатр Беларусi
20 лістапада на сцэне Вялікага тэатра Беларусі адбудзецца адзіны паказ расійскай пастаноўкі балета «Крык», які стаў легендай, у харэаграфіі сусветна вядомага танцоўшчыка Андрэя Меркур'ева па раману «Ідзі на Галгофу» класіка рускай літаратуры Аляксандра Зіноўева. Гэты спектакль пачне гастролі Акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Комі ў Мінску. Расійскі калектыў упершыню выступіць на нашай сцэне.
Спектакль абяцае стаць сапраўдным адкрыццём для мінчан і гасцей беларускай сталіцы. Харэограф-пастаноўшчык балета – заслужаны артыст Расіі і Рэспублікі Паўночная Асетыя-Аланія, лаўрэат «Залатой маскі» Андрэй Меркур'еў. Менавіта «Крык» стаў яркім дэбютам Андрэя як харэографа-пастаноўшчыка.
«Прачытаўшы кнігу Аляксандра Зіноўева «Ідзі на Галгофу», я падумаў, што вельмі падобны на яе галоўнага героя... Гэта гісторыя пра выбар шляху, пра тое, быць табе разам з усімі або ісці сваёй дарогай, апрыёры доўгай і цяжкай. Мой герой абірае шлях адзіноты, паколькі хоча захаваць сябе як чалавека, дасягнуць чагосьці новага, змяніць свет», – гаворыць Меркур'еў.

У рамках гастролей Тэатра оперы і балета Рэспублікі Комі на сцэне Вялікага тэатра Беларусі гледачы ўбачаць чатыры пастаноўкі расійскага калектыву. «Крык» адкрые паказы спектакляў 20 лістапада; 21 і 22 лістапада раніцай – казачная опера для ўсёй сям'і «Дзюймовачка» Я.Падгайца; 21 лістапада – опера Дж. Пучыні «Чыа-Чыа-сан»; 22 лістапада – балет «Яг-Морт» Я.Перапяліцы.
Цікава, што мастацкім кіраўніком тэатра оперы і балета Рэспублікі Комі з'яўляецца малады дырыжор – мінчанін Юрый Дземідовіч.
Опера «Дзюймовачка» Я.Падгайца. 21 і 22 лістапада, 11:00 ЗАКАЗАТЬ БИЛЕТ
Гэта яркая казачная гісторыя, напоўненая чароўнай музыкай, цікавай сучаснай харэаграфіяй, жывым і непасрэдным узаемадзеяннем з дзецьмі. «Дзюймовачка» – ідэальны выбар для першага знаёмства дзяцей з оперным мастацтвам. Яркія мелодыі, дынамічны сюжэт, казачныя персанажы захопяць нават самых маленькіх гледачоў. Дарослыя ацэняць тонкую іронію, паэтычнасць матэрыялу і філігранную музычную тканіну спектакля. Меладычныя і паветраныя арыі Дзюймовачкі, Ластаўкі і Прынца, забаўныя песенькі Жабы і Мышы, злавесныя матывы Крата – усё гэта створыць асаблівую і непаўторную атмасферу.

Опера «Чыа-Чыа-сан» Дж. Пучыні. 21 лістапада, 18:00 ЗАКАЗАТЬ БИЛЕТ
Самая пяшчотная і кранальная опера геніяльнага італьянскага кампазітара. Драматычная гісторыя кахання двух людзей, якія належаць да розных дзяржаў і культур. Дзеянне спектакля разгортваецца ў Нагасакі на мяжы XIX–XX стагоддзяў. Маладая японская дзяўчына кахае лейтэнанта амерыканскага флоту і аддана чакае яго вяртання з краіны, у якой законы Японіі не маюць абсалютна ніякага значэння. Пасля яго здрады, выхаваная ў краіне самураяў, яна асуджана на адзіны магчымы выхад…
Музыка Дж. Пучыні раскрывае перажыванні герояў тонка, страсна, незвычайна дакладна следуючы за іх душэўным станам.

Балет «Яг-Морт» Я. Перапяліцы. 22 лістапада, 18:00 ЗАКАЗАТЬ БИЛЕТ
Першы нацыянальны балет Якава Перапяліцы «Яг-Морт» («Лясны чалавек») – творчая візітная картка расійскага тэатра, сапраўдная веха ў развіцці музычна-тэатральнага мастацтва Рэспублікі Комі.
Філасофская канцэпцыя балета, сутыкненне вечных праблем дабра і зла, усёпераможная сіла кахання, барацьба з зайздрасцю і здрадай, яркасць, музыкальнасць балета «Яг-Морт» дазваляюць яму заставацца сучасным, папулярным і запатрабаваным у гледачоў сёння. Балет адрозніваюць таямнічы сюжэт, вобразна-выразная музыка Якава Перапяліцы, напеўныя мелодыі, якія прывабліваюць сваёй самабытнасцю і шчырасцю, яркі нацыянальны каларыт і гарманічнае спалучэнне народнага танца і класічнага харэаграфічнага малюнка.

Балет «Крык» ідзе пад фанаграму. Астатнія спектаклі ідуць у суправаджэнні аркестра Тэатра оперы і балета Рэспублікі Комі.
Матэрыял апублікаваны 28.08.2026 г.