Навiны

Вось і “Лета” прайшло…

 

ГЕНЕРАЛЬНЫЙ ПАРТНЕР ПРОЕКТА

ПАРТНЕР ПРОЕКТА 

“Ніколі артысты Прыморскай сцэны Марыінскага тэатра не выступалі ў нас. І калі такі крок зроблены, то гэта супрацоўніцтва павінна працягвацца...” – адзначыла генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава падчас прэс-падыходу, які быў прысвечаны пачатку фестывалю. 4 чэрвеня ў Вялікім стартаваў праект “Балетнае лета”. Калектыў Прыморскай сцэны Марыінскага тэатра прадставіў беларускаму гледачу яркі, маштабны балет Ф. Амірава “Тысяча і адна ноч”. На пытанні прадстаўнікоў прэсы таксама адказалі: мастацкі кіраўнік балетнай трупы Прыморскай сцэны Марыінскага тэатра, народны артыст Расійскай Федэрацыі Эльдар Аліеў, галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Азербайджанскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, заслужаны артыст Азербайджана Эйюб Куліеў, салістка оперы, лаўрэат міжнародных конкурсаў Анастасія Кікоць.
“Для мяне Вялікі тэатр Беларусі − родны. У мяне тут шмат сяброў. Супрацоўніцтва пачалося з “Травіяты” Джузэпэ Вердзі, дырыжыраваў “Іалантай” Пятра Чайкоўскага, сольным канцэртам опернай дзівы Кацярыны Семянчук. Як дырыжор-пастаноўшчык удзельнічаў у стварэнні балета “Каханне і смерць” нашага знакамітага спевака і кампазітара, народнага артыста Азербайджана Палада Бюльбюль Аглы. Усё гэта сёння ўспамінаю з вялікім хваляваннем. На фестывалі “Балетнае лета” я ўпершыню. Балет “Тысяча і адна ноч” мы ўжо паспелі паказаць у розных кутках свету: Кітаі, Амане, Катары... І цяпер прыехалі ў Беларусь. Для мяне вялікі гонар дырыжыраваць балетам Фікрэта Амірава...” – сказаў маэстра Эйюб Куліеў, галоўны дырыжор Азербайджанскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, заслужаны артыст Азербайджана, які два вечары – 4 і 5 чэрвеня дырыжыраваў балетам “Тысяча і адна ноч”. Адзначым, што спектакль аб'яднаў два склады: артыстаў з Уладзівастока і сімфанічны аркестр і хор Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга.
Пасля першага паказу балета “Тысяча і адна ноч” з цёплымі словамі падзякі за падоранае свята да калектыву Прыморскай сцэны Марыінскага тэатра звярнуліся губернатар Прыморскага краю Алег Кажамяка, міністр культуры Беларусі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі і генеральны дырэктар тэатра Кацярына Дулава.
“Хачу выказаць сваю падзяку за сапраўдны цуд мастацтва, – эмацыйна сказала Кацярына Мікалаеўна. − Вы чулі апладысменты беларускай публікі. Гэта глядач, які валодае вялікім культурным вопытам. Таму мае словы − не фармальнасць, яны ідуць ад сэрца: прыміце самыя шчырыя віншаванні і ўдзячнасць. Менавіта праз культуру мы знаходзім дарогу адзін да аднаго, менавіта яна аб'ядноўвае нас і натхняе рухацца наперад ва ўсіх напрамках. Мы заўсёды будзем рады бачыць вас зноў!”
6 чэрвеня на фестывальнай сцэне быў прадстаўлены балет “Папялушка” С. Пракоф'ева ў пастаноўцы Канстанціна Кузняцова і Юліі Дзятко – добрая старая казка... Галоўныя партыі ў спектаклі выканалі Аліна Рудэнка і Уладзімір Руда, Марына Вежнавец і Валянціна Сцяпанава, Лізавета Мусорына і Анастасія Булавік, Антон Краўчанка, Арцём Задворнаў і Таццяна Уласень, Ксенія Пракапенка і Дар'я Чуваргіна. За дырыжорскім пультам − маэстра Юрый Караваеў.
7 чэрвеня сцэна Вялікага тэатра Беларусі была аддадзена “Танцам” − у гэты вечар гучала музыка Равеля, Сен-Санса і Бізэ: на сцэне былі паказаны прэм'ерныя аднаактовыя спектаклі “Балеро”, “Танец смерці” і “Кармэн” − аўтарскія балеты Ігара Колба. На сцэну Вялікага тэатра Беларусі ў галоўных партыях выйшлі вядучыя салісты балета Аліна Рудэнка, Уладзіслаў Каляда, Марыя Музалеўская, Дзяніс Шпак, Дыяна Багатава, Канстанцін Белахвосцік, Людміла Хітрова, Андрэй Барыеў, Іван Камышоў, Юрый Кавалёў, а таксама салістка оперы Ірына Паляшчук. За дырыжорскім пультам − Віталь Грышчанка.
Фінальным акордам фестывалю 8 чэрвеня стаў адзін з самых прыгожых спектакляў рэпертуару Вялікага – балет П. І. Чайкоўскага “Лебядзінае возера” (пастаноўка В. Елізар'ева). Галоўныя партыі выканалі Марыя Музалеўская, Канстанцін Белахвосцік, Антон Краўчанка, Леў Камкоў. Дырыжыраваў Мікалай Калядка.

 

 

 

 

 



 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 



Партнёры